BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Міця Савелаў: Мы за тыдзень сабралі подпісы ў падтрымку Андрэя Гнёта

Больш за 100 культурных дзеячаў Беларусі і замежжа падпісалі ліст у падтрымку Андрэя Гнёта. Ліст створаны Беларускай незалежнай акадэміяй, сярод арганізатараў гэтай кампаніі “Мастакі за Андрэя” Госць Рацыі – акцёр Міця Савелаў. З ім размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

РР: Якая ў вас рэакцыя на сённяшнія навіны з Белграда?

Міця Савелаў: Я вельмі з надзеяй чакаю вынікаў, як вы ведаеце, пасля суда рашэнне будзе прымацца на працягу 30 дзён. Пасля чаго будзе подпіс міністра юстыцыі. Канешне, мы ўсе хвалюемся, які будзе рэзультат і мы спадзяёмся на лепшае. Таму мы запусцілі гэты адкрыты ліст, каб дапамагчы неяк яшчэ больш прабіцца праз навінавы парадак дня і аказаць нейкі ціск на сербскія ўлады і паказаць салідарнасць, сказаць ім, што ўвесь свет назірае за імі, прынамсі прадстаўнікі мастацтва.

РР: Гэта, каб інфармацыйны парадак крыху разварушыць і прыгадаць пра Андрэя Гнёта, бо такія аўтарытэтныя подпісы ў гэтым лісце. Мне падаецца, што яны не толькі могуць інфармацыйны парадак разварушыць, але таксама нейкім чынам паўплываць на людзей менавіта ў Сербіі.

Міця Савелаў: Канешне, СМІ у гэтым сэнсе –  гэта такі інструмент, які дапамагае нам павялічыць эфект гэтай акцыі. Канешне, і сам ліст быў перададзены сёння адвакатам на судовым пасяджэнні. Дарэчы, яго падпісалі ўжо не 100, а больш за 500 розных рэжысёраў, акцёраў, артыстаў і г.д. з усяго свету. І натуральна, што гэта падтрымка і для Андрэя. Мы вельмі спадзяёмся, што гэта паўплывае на людзей, якія прымаюць рашэнне.

РР: Удакладні, калі ласка, гэтую інфармацыю пра 500 падпісантаў. Які ўвогуле механізм, як гэта адбываецца?

Міця Савелаў: Калі мы пачалі распавядаць публічна пра ліст і апублікавалі яго, тым было больш за 100 падпісантаў, але за апошнія 24 гадзіны падпісантаў стала ў 5 раз больш. Я запусціў ліст разам з Воляй Чайкоўскай, якая прадстаўляе Беларускую незалежную кінаакадэмію, пасля да нас яшчэ далучылася і Еўрапейская кінаакадэмія, то натуральна ў нас з’явілася больш кантактаў і магчымасць пашырыць інфармацыйнае поле. Таму ў нас такая велізарная колькасць вельмі вядомых людзей, якія далучыліся. Яны далучаліся таму, што для іх гэта важна і яны хочуць дапамагчы. Для нас гэта вельмі каштоўна.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя