BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Мікалай Бушко: У Беластоку зноў загучыць духоўная музыка з усяго свету

У Беластоку хутка распачне працу 44-ы Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі «Гайнаўка 2025» — традыцыйнае і папулярнае мерапрыемства, якое штогод збірае хоры з усяго свету і служыць пляцоўкай для прэзентацыі багатай духоўнай музычнай спадчыны хрысціянскага Усходу.

Фестываль распачнецца 21 траўня ў Падляшскай Оперы і Філармоніі. Сёлетняя тэма — «Майстры царкоўнай музыкі — ад Дзмітрыя Бартнянскага да Ромуальда Твардоўскага» — падкрэслівае пераемнасць традыцый і сучасную актуальнасць царкоўных спеваў.

Госць Рацыі — дырэктар фестывалю Мікалай Бушко. Гаворым пра ролю беларускай традыцыі ў фестывалі, пра міжнародны склад удзельнікаў, пра інагурацыйны канцэрт і духоўнае значэнне гэтай падзеі для Падляшша і шырэй — для ўсёй рэгіянальнай супольнасці.

РР: Віншую вас з чарговым фестывалем. Вашыя адчуванні? Што падрыхтавана ў праграме?

Мікалай Бушко: За намі амаль год працы, таму што каб падрыхтаваць кожны выпуск фестывалю – гэта трэба ўлажыць многа працы і пераканаць многа людзей. І за намі, за нашымі супрацоўнікамі, перадусім за выканаўцамі – многа, многа працы. А чаго чакаем? Чакаем знакамітых выканаўцаў, чакаем, што прагучыць выдатная музыка, у тым ліку музыка беларускіх кампазітараў. Што будуць хоры з дзевяці краін свету. І дзіцячыя, і духоўныя хоры святароў, і хоры музычных акадэмій, і хоры прафесіянальныя, пачынаючы ад Галандыі на захадзе, па Казахстан на ўсходзе.

А сярод іх выдатны хор «Унія» з Вільні, які паказаўся з маім крыху ўдзелам на свяце Волі ў Беластоку. Гэта хор, які працягвае традыцыю выдатнага хору, створанага дырыжорам і кампазітарам Кірылам Насаевым. Яго вучань Павел Гонца працягвае традыцыю гэтага хору. У апошнім часе яны працуюць у Вільні, а спяваюць у ім і беларусы, і літоўцы, і ўкраінцы, і палякі. Мы таксама, хоць паўсюль сітуацыя складаная, спадзяемся на ўдзел дзіцячага хору «Мара». Гэта дзеці з Варшавы, дзеці беларускіх уцекачоў.

Беларускі элемент – гэта таксама музыка, якая прагучыць. Але паказваем музыку і нашых падляшскіх кампазітараў, у якіх жыццё таксама звязанае з беларускай культурай. Айцец Юрка Шурбак, або бяльчанін Яўген Явец, які нарадзіўся ў Дубінах, які, нягледзячы на свой малады ўзрост, як 19-гадовы хлапчук, быў асістэнтам славутага беларускага дырыжора Рыгора Шырмы. Гэта вялікі чалавек, які ў апошнія гады свайго жыцця кіраваў славутым хорам сабора Аляксандра Неўскага ў Парыжы. Канцэрт яму прысвячаем 22-га ў Бельскім доме культуры. Прагучыць музыка ў яго памяць, я прасіў выканаўцаў з Галандыі, каб уключылі ў праграму таксама яго творы. Яго творы прагучаць у многіх выкананнях. Заспяваюць і дзіцячыя хоры, і мужчынскія хоры, і прафесійныя, і аматарскія. Мы проста лічым, што гэты чалавек заслугоўвае на памяць.

РР: І вечная класіка прагучыць на фестывалі – ад твораў Бартнянскага да Твардоўскага.

Мікалай Бушко: Ну так, наш сёлетні лозунг: «Майстры царкоўнай музыкі — ад Дзмітрыя Бартнянскага да Ромуальда Твардоўскага». Дарэчы і Твардоўскі быў вельмі прыхільны да беларускай культуры. Ён, напрыклад, стварыў музыку да вершаў Алеся Барскага і Віктара Шведа у цыкле «Белавежскія напевы». Ён упарадкаваў на чатыры галасы славутую песню «Беласточчына – зямелька родная». Але пачуем яшчэ і другіх кампазітараў.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя