XI Фестываль нефільтраванага кіно пачынаецца гэтымі днямі. Ён будзе ладзіцца да 4 траўня ў 4 краінах: Польшчы, Літве, Фінляндыі і Германіі. Чым адметная будзе праграма сёлета? Чаму гледачам варта ўбачыць фільмы? І наколькі значныя такія падзеі для стваральнікаў карцін? Пра гэта Госць Рацыі – мадэратар фэсту ў Варшаве Мікалай Рамановіч (Лаўранюк) – распавёў нашай журналістцы Марыне Савіцкай.

РР: Чым у гэтым годзе будзе вылучацца фестываль?
Мікалай Рамановіч: Па-першае, хочацца ўвогуле расказаць пра фестываль. Ён заўсёды быў важнай пляцоўкай. І гэта ўжо 11 фестываль, я сам здзівіўся, што ўжо “Нефільтраванаму кіно” шмат гадоў і ўвогуле ён важны. Я проста захапляюся, што ён працягвае жыць, што нягледзячы на тое, што ў Беларусі зараз усё вельмі складана, але адбываюцца паказы і ў розных краінах, і будзе паказ у Варшаве ў кінатэатры “Кінатэка” – гэта такая культавая пляцоўка, увогуле такі фестывальны цэнтр Польшчы, можна сказаць. Таму магу сказаць, што беларуская праграма цікавая ўсім, хто цікавіцца маладым беларускім кіно, новымі імёнамі, думаю, што варта з гэтымі фільмамі пазнаёміцца, калі ёсць такая магчымасць. Для мяне таксама ёсць такія адкрыцці ў гэтай праграме. Таму што я не ведаў гэтых імёнаў і класна, крута, што з’яўляюцца новыя беларускія аўтары, якія нягледзячы ні на што, нешта здымаюць, і часам гэта дастаткова вартыя працы, якія распавядаюць нешта і пра нас, і пра краіну, і пра міграцыю, і пра тое, што турбуе беларусаў. Таму для мяне “Нефільтраванае кіно” жыве – гэта відавочна і гэта супер. І, канешне, новымі імёнамі.
РР: Назавіце тых самых герояў, тыя імёны, якія ўжо заінтрыгавалі слухачоў нашага радыё.
Мікалай Рамановіч: У праграму ў гэтым годзе ўвайшло 8 фільмаў. У Варшаве будуць паказаны 7. Першы фільм называецца “Цень радасці” – гэта гісторыя палітзняволенага Артура. Аўтар гэтага фільму Зміцер Піліпаў – гэта новае імя. Фільм зроблены ў супрацы з “Вясной”. Фільм “Забыццё” Павел Станкус, зняты ў Нямеччыне. Фільм “Офіс” Лена Ле, маладая аўтарка, якая эксперыментуе. Потым фільм “Кавалерка” Андрэя Корзана, які можа камусьці вядомы як акцёр, даволі таленавіты, але вырашыў паспрабаваць сябе ў кінематографе. Ну і канешне, можа галоўнае здзіўленне для мяне ў гэтай праграме – гэта “ОШМ” – рэжысёры Алег Пекар і Вова Вяселік, вельмі прафесійная праца з гумарам, з добрым сюррэалізмам, з элементамі трыллера. Там добра праілюстравана і беларуская рэчаіснасць. Ёсць у праграме яшчэ Максім Швед «Апошняя змена», які зрабіў фільм у супрацы са сваёй дачкой Мелісай. Потым Антось Сівых, які працуе ў Лодзі. І вельмі шмат працуе з гарадской прасторай і візуальнымі формамі, называецца фільм “Рэдкія віды”. І фільм “Зручны хлопец” Арсенія Алейніка і Аляксандра Мікхіна. Як бачыце, розныя зусім тэмы, розныя зусім жанры. І гэта ўсё маладыя аўтары, незалежныя фільмы. Усё гэта робіцца, як я разумею, за свае ўласныя сродкі. Таму, думаю, цікава. Можна глядзець.
Больш інфармацыі пра праграму і фестываль можна знайсці на яго сайце: https://unfilter.by/.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






