Адным з хвалюючых момантаў у адкрыцці фестывалю было абвяшчэнне прозвішча лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Міхася Стральцова 2026 года. Ім стаў Мікалай Захаранка – выдатны беларускі паэт, празаік і драматург – з яго кнігай «На тым краі зямлі».


Пераможцу аб´явіў сябра журы паэт Уладзімір Някляеў:
– Кім Фадзееў казаў, што самы таленавіты з вас, чалавек з самай вялікай літаратурнай будучыняй – гэта Мікалай Захаранка. І ўрэшце словы Кіма рэалізаваліся ў гэтай кнізе. Я спадзяюся, што Мікола нас чуе. Мікола, я цябе віншую, гэта сапраўды заслужаная ўзнагарода, заслужаная ацэнка тваёй творчасці.

Удзельнікі першага дня фестывалю вельмі шкадавалі, што Мікола Захаранка не змог прыехаць з-за візавых перашкод, гаворыць гісторык-прафесар Алесь Смалянчук:
– Перамог Мікалай Захаранка. І я вельмі рады за гэтага аўтара. Вельмі шкада, што яго не было. Але спадзяюся, што прыйдзе час, калі прыедзе і атрымае гэтую ўзнагароду. Сапраўды проза яго вельмі добрая.
Прэмія імя Міхася Стральцова з´явілася ў 2018 годзе. Яна заснавана ўдавой Міхася Стральцова Аленай Стральцовай. Уручаецца за значныя паэтычныя здабыткі.
Беларускае Радыё Рацыя






