19 лютага спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння беларускага каталіцкага святара, нацыянальнага дзеяча і паэта Казіміра Сваяка (Кастуся Стаповіча, 1890-1926).

У хаце будучага паэта-святара Кастуся Стаповіча размаўлялі па-беларуску, па-польску маліліся, вучыліся чытаць, спявалі рэлігійныя песні і слухалі ў касцёлах казанні, імша была на лаціне, у школе вучылі па-руску. У сваёй роднай вёсцы Барані на Астравеччыне Кастусь скончыў пачатковую школу, а ў 1902–1906 гадах вучыўся ў Свянцянскім гарадскім трохкласным вучылішчы. У гэты час ён жыў у знаёмых мяшчан, а харчаваўся пераважна сухарамі з чорнага хлеба і малочнымі прадуктамі, якія прывозіў бацька.

У кастрычніку 1907 года Кастусь паспяхова вытрымаў экзамены на званне аптэкарскага вучня перад камісіяй навучальнай акругі ў Пецярбургу, а 24 красавіка 1908 года ў Вільні здаў экзамены для паступлення ў духоўную семінарыю і паступае. У гэты час ён удзельнічае ў працы культурна-асветнага гуртка беларусаў-семінарыстаў.
У 1908 годзе Кастусь Стаповіч паступіў у Пецярбургскую духоўную семінарыю. Падчас вучобы захварэў на сухоты. У тым жа годзе напісаў першы верш «На імяніны майго пробашча». Зіму 1912—1913 гадоў правёў на курорце ў Закапанэ. Пачынае друкавацца ў газеце “Беларус”. З-за хваробы толькі вясной 1915 года быў высвечаны на ксяндза ў Петраградзе з рук біскупа Цеплака і атрымлівае прызначэнне вікарыем у Камайскі касцёл. А потым, на радасць, пераводзяць у Клюшчаны, што побач з яго роднай вёскай Барані. Там Кастусь Стаповіч стварыў хор, у касцёле першыя казанні праводзіў па-беларуску, стварыў нелегальны гурток “Хаўрус сваякоў”, адкрыў сем школ і курсы для падрыхтоўкі беларускіх настаўнікаў. Падручнікі і школьныя прылады ён прывозіў з Вільні, часта — набытыя за ўласныя грошы. За беларускасць у канцы 1916 года ксяндзя Стаповіча пераводзяць на Беласточчыну. Там ён таксама спрабаваў увесці беларускую мову ў касцёле, але гэта было адразу забаронена мясцовым пробашчам.

Сам паэт-святар быў вельмі добразычлівым і таварыскім чалавекам, і ў яго пастаянна гасцявалі дзеячы беларускай адраджэнскай і мясцовай польскай інтэлігенцыі, частым госцем быў мастак і даследчык Язэп Драздовіч. Акрамя гэтага, ён любіў заходзіць да сялян, пагутарыць і даць патрэбныя ім парады.
Але гэтыя гады былі азмрочаны і праследаваннямі за культурна-грамадскую дзейнасць. У 1921 годзе нехта ў адсутнасць святара ўлез у яго пакой і ператрос усе рэчы. З 15 студзеня 1922 года пракуратура Віленскага акруговага суда праводзіла следства па яго справе, абвінаваціўшы ў антыдзяржаўнай дзейнасці. Летам хворага святара нават трымалі пад хатнім арыштам. Справа была спынена толькі ў сярэдзіне жніўня 1923 года.

Тым часам здароўе ксяндза Стаповіча ўсё больш пагаршалася, нягледзячы на рэгулярныя выезды ў горы. Восенню 1925 года ён апошні раз выязджае ў Закапанэ. Зімой і вясной 1926 года, прадчуваючы сваю хуткую смерць, святар просіць забраць яго з Закапанэ на Бацькаўшчыну, спадзеючыся, што будзе пахаваны на клюшчанскім могільніку “пад клёнам” на тым месцы, якое ён сам сабе выбраў. Напрыканцы красавіка 1926 года ксёндз Адам Станкевіч прывозіць ўжо безнадзейна хворага святара ў Вільню. Ён жа быў з ім пры ягонай смерці…

6 мая 1926 года ксёндз Стаповіч адышоў у Вечнасць. 8 мая у касцёле святога Мікалая адбылося хаўтурнае набажэнства, пасля чаго труна была перавезена на могілкі Роса. У 10 гадавіну смерці паэта-святара на яго магіле быў адкрыты помнік. На мармуровай пліце было напісана: “Св. п. Казімір Сваяк – Кс. Канстанты Стэповіч – паэт – 19. II. 1890 – 6. V. 1926”. Тут жа знаходзяцца словы з верша Сваяка “Гімн роднай зямлі”.
…Ідзе вось ясная пара,
Прывіду свеціць нам зара,
Айчызна-Маці-Беларусь,
Гарой, жыва!
У прадмове да свайго малітоўніка для беларусаў-каталікоў “Голас душы”(1926), ксёндз Кастусь Стаповіч пісаў: “Мілы Браце Беларусе! Калі Бог пазволіў нам даваць чэсць Яму ў роднай мове нашай, лічыў я патрэбным злажыць вось гэту кніжыцу, каб прыслужыцца патрэбам душы тваёй. …няхай сэрца тваё знойдзе ў ёй мыслі добрыя, каторымі ўзнясешся Ты шчырай душой да Найвышшага. Мо слова якое будзе выдавацца менш падходным, не сумуй! Дасць Бог, што як станем роднай мовай Яго хваліці, будуць і слоўцы да таго гладзейшыя, а цяпер даволімся тым, што маем”.

Літаратурная спадчына Казіміра Сваяка немалая і жанрава разнастайная. Ён – аўтар публіцыстычнага трактата аб шкодзе п’янства “Алкаголь”, п’есы “Янка Канцавы”, вершаванага апавядання “Чарку дай, браце”, драматычнай містэрыі “Купалле”, філасофскага дзённіка “Дзея маёй мыслі, сэрца і волі”, празаічных твораў, надрукаваных у розных тагачасных перыядычных выданнях, укладальнік малітоўніка для беларусаў “Голас душы”. Але найбольш поўна талент Казіміра Сваяка раскрыўся ў паэзіі. У 1924 годзе пабачыў свет адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў Казіміра Сваяка “Мая ліра”, які, як адзначалі крытыкі, адразу вылучыў паэта сярод беларускіх паэтычных дзеячаў дваццатых гадоў. Скразны матыў сабраных у ім вершаў – заступніцтва перад Богам за свой народ.






