BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Мінюст хоча ліквідаваць два аб’яднанні мастакоў

Менскі гарадскі суд разгледзіць заявы Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі двух творчых аб’яднанняў, вынікае з раскладу паседжанняў на партале электроннага судаводства, піша «Позірк».

25 кастрычніка будзе разгледжаны іск Мінюста аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання “Міжнародная гільдыя жывапісцаў”, заснаванага ў 2007 годзе.

29 кастрычніка Мінгарсуд правядзе працэс аб ліквідацыі міжнароднага аб’яднання мастакоў і жывапісцаў “Майстар” (заснавана ў 2001 годзе).

Абедзве арганізацыі ўваходзяць у Рэспубліканскую канфедэрацыю прадпрымальніцтва – некамерцыйную арганізацыю, якая, як заяўлена на яе сайце, створана ў 2007 годзе для “садзейнічання развіццю малога, сярэдняга і буйнога бізнесу, дзелавога асяроддзя і бізнес-клімату” і займаецца “стымуляваннем эканамічнай ініцыятывы грамадзян”, “пабудовай дыялогу паміж уладай, бізнесам і грамадствам”.

Паводле звестак праваабарончай арганізацыі Lawtrend, за перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і да канца верасня 2024-га ў Беларусі ліквідавана не менш як 1803 некамерцыйныя арганізацыі (НКА) — аб’яднанні, прафсаюзы, фонды, недзяржаўныя ўстановы і асацыяцыі.