Муралы на сценах беларускага музея ў Гайнаўцы або незвычайныя карціны ў выглядзе народных ручнікоў.

Мастак Міраслаў Здрайкоўскі стварае свае працы, абапіраючыся на ўспаміны з дзяцінства, народную традыцыю і прыроду роднага Падляшша. Запрашаем на размову з нашым сённяшнім госцем.
РР: Можа, нашу размову пачнем з Гайнаўкі. Гэта не ваш родны горад, бо вы паходзіце з Бельска, але кожны беларус, які прыязджае ў Гайнаўку, напэўна, раней ці пазней трапляе да Гайнаўскага Беларускага музея, на якім ёсць муралы, створаныя вамі, і надалей стварацца. Вось некалькі слоў пра гэтую працу.
— Так, мы ўсе, як бы, на Падляшшы, прынамсі, у беларускіх ліцэях, будавалі той музей. Ну, як і іншыя беларусы з-за мяжы ці з Беларусі. Памятаю, як у ліцэі куплялі такія маркі, значкі. Ну, і мне выпаў гонар выканаць першы мурал. Гэта атрымалася праз такую празаічную справу: нашая польска-падляская беларуская прырода такая, што не вельмі ўдзячная, напрыклад, для будаўніцтва, асабліва ў частцы, якая тычыцца кладкі керамічных плітак. Яны проста часта адпадаюць, і гэта праблема ў нашым будаўніцтве. Ну, і так здарылася з муралам, на сцяне. Мастакі з Беларусі паклалі ўзор з гэтых плітак, але праз некалькі доўгіх гадоў яны пачалі адпадаць. І мяне папрасілі з Гайнаўскага музея, каб я проста намаляваў. Яны знялі цалкам гэтыя пліткі, каб я зрабіў малюнак паводле ўзору. Ну, і так гэта пачалося.
РР: І першы мурал з’явіўся. І ідэя, што будзе на гэтым малюнку, гэта была ваша ідэя?
— Так, так. Ну, мне, як бы, нічога іншага не заставалася, не ведаў, што будуць яшчэ мае іншыя муралы. Але першы, мне здавалася, трэба зрабіць проста беларускі ўзор. Эскізы зацвердзілі, і выйшла, што гэты ўзор нават падобны да таго, які быў зроблены з плітак, але гэта было ўжо крыху нанова зроблена.
РР: А калі вось гэтыя два муралы, што ствараліся ў гэтым годзе, якія ідэі вы хацелі паказаць на гэтых сценах?
— Усе, апрача мурала на музычным клубе «Мазаікарня», былі матывы з маіх ручнікоў, з маіх абразоў. Ручнікі, якія інспіраваны народным беларускім ручніком усходняга стылю. Гэтыя два муралы паўсталі, праўда, адзін на паўкруглай вежы пры ўваходзе, нават была крытыка ў інтэрнэце, асабліва наконт другога мурала, што на першай паўкруглай вежы з боку паркінга.
Закід быў такі, што там, маўляў, «вярбы нейкія не беларускія, а мазавецкія». Я не адпісваў і не дыскутаваў наконт гэтага, але Падляшша і Беларусь розныя. Гайнаўчане прывыклі да пушчы, зуброў і гэтак далей. Але там, дзе я выхоўваўся на вёсцы, больш пануюць лугі, агароджы, і, напрыклад, мой дзед таксама рабіў з тых вярбовых пянькоў, якія, калі іх забіць у зямлю, пускаюць новыя галінкі. Ну, і гэты краявід вербаў — так званых мазавецкіх.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:




Фотаздымкі Яны Запольскай і з Фейсбуку Міраслава Здрайкоўскага.
Беларускае Радыё Рацыя