“Вершы на асфальце” – чацвёрты Міжнародны паэтычны фестываль памяці Міхася Стральцова ўрачыста адкрылі ў Вільні 14 лютага на сядзібе Саюза пісьменнікаў Літвы. Усяго гэта ўжо чатырнаццаты па ліку падобны фэст, раней ён ладзіўся ў Менску.

Як зазначае беларускі паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, у сённяшняй Беларусі, на жаль, немагчымы Міжнародны фестываль незалежнай паэзіі.
– Фестываль паэзіі аднаго з любімых нашых аўтараў Міхася Стральцова, паэта культавага, паэта, які падымае прэстыж мастацкага слова. Больш гарадскі, больш сучасны, больш эстэцкі, больш элітарны, больш культурны, чым гэта было прынята. Чалавек, які ва ўсім апярэджваў сваю эпоху.

Паводле старшыні беларускага ПЭНа Таццяны Нядбай, гэты фестываль, акрамя яго галоўнай функцыі, на сёння становіцца яшчэ месцам сустрэч раскіданых па розных краінах беларусаў.
– Вельмі важнае месца сустрэч, месца размоваў з калегамі, сябрамі, з прыяцелямі, з якімі ты бачышся фактычна толькі ў межах гэтага фестывалю, а так цэлы год не бачышся. Мы, канешне, узбагачаемся іншай культурай, жывучы ў гасціннай Літве, гасціннай Польшчы, гасцінных іншых краінах. Мы ўзбагачаемся новымі сябрамі, новымі творчымі сувязямі.
Падчас фэсту быў аб’яўлены лаўрэат прэміі імя Міхася Стральцова. Ім стаў беларускі пісьменнік і перакладчык Кастусь Цвірка. Яго ўганаравалі за вернасць нацыянальным традыцыям, за пераклады і за серыю “Беларускі кнігазбор”.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
***
У Вільні 14 лютага беларусы ў партнёрстве з Саюзам літоўскіх пісьменнікаў урачыста адкрылі Міжнародны паэтычны фестываль “Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова.

Імпрэзу адкрыў беларускі літаратар, гісторык мастацтва Сяргей Харэўскі. Паэтычную частку распачаў паэт Андрэй Хадановіч.

Як зазначыў Сяргей Харэўскі, гэты фэст становіцца ўсё больш беларуска-літоўскім. Учора быў прэзентаваны лірычны зборнік 29 літоўскіх пісьменнікаў “Горад на гары” з перакладам на беларускую мову. З вітальным словам выступіла старшыня Літоўскага саюза пісьменнікаў Бірутэ Ёнушкайтэ.

Было зачытана і вітальнае слова ад пастаянных партнёраў фестывалю — Шведскага саюза пісьменнікаў, у якім яны выказалі салідарнасць з беларускімі калегамі. Шведы, як і літоўцы, адзначылі важнасць свабоды слова і выказвання і акцэнтавалі ўвагу на рэпрэсіях у Беларусі. Яны запэўнілі прысутных у пастаяннай падтрымцы беларусаў.

Да прысутных звярнулася старшыня ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай, якая пажадала ўсім як найхутчэй вярнуцца ў Беларусь.

Выступіў і прадстаўнік гасцей з Падляшша — кіраўнік управы Беларускага Радыё Рацыя і галоўны рэдактар тыднёвіка “Ніва” Яўген Вапа. Ён распавёў, што тыднёвік у наступным годзе будзе адзначаць 70-годдзе. Таксама ён адзначыў, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці, беларусы Падляшша працягваюць працаваць і тварыць. “Калі будзе беларускае слова, то мы будзем жыць”, — падсумаваў Яўген Вапа.

На фестывалі штогод аб’яўляюць лаўрэата прэміі імя Міхася Стральцова. За вернасць нацыянальным традыцыям, за пераклады і за серыю “Беларускі кнігазбор” лаўрэатам на гэты раз стаў беларускі пісьменнік і перакладчык Кастусь Цвірка.
Раней лаўрэатамі былі Антаніна Хатэнка, Анхела Эспіноса Руіс, Алег Мінкін, Анатоль Вярцінскі, Наста Кудасава, Юрась Пацюпа. Прэмія ўручаецца з 2018 года.

Нарыканцы фэсту перад прысутнымі выступіў моладзевы тэатр “Разам”.













Беларускае Радыё Рацыя