Больш за паўмільёна праглядаў за мінулыя 30 дзён толькі ў Instagram, пры гэтым 70-80 працэнтаў карыстальнікаў з Беларусі. Усё гэта пра дзейнасць відэаблогера, галоўнага рэдактара, выкладчыка, нашага сённяшняга Госця Рацыі, які апантана здымае відэа на тэму беларускай мовы, Васіля Ядчанкі.

РР: Як даўно Вы займаецеся блогерскай дзейнасцю? І што Вас матывуе выходзіць у публічную прастору распавядаць і прасоўваць беларускую мову?
Васіль Ядчанка: Мая журналісцкая праца неяк неўзабаве перарасла ў блогерскую. Гэта адбылося чатыры гады таму. Спачатку я вёў расейскамоўны блог пра беларускую кухню, пра беларускія стравы. А потым у парцэсе я перайшоў на беларускую мову, таму што не мог па-іншаму зрабіць, гэта з мяне выходзіла. Гэта як у тым меме, калі ты гатуеш дранікі, то мова сама прачынаецца і ты пераходзіцш на беларускую мову.
РР: Ваша сённяшняя дзейнасць блогера, пра што яна?
Васіль Ядчанка: Я буду казаць шчыра і асабіста. Гэта пра мяне, пра тое, што мяне цікавіць. Калі гэта цікавіць яшчэ другіх людзей, то я вельмі гэтаму рады і ўдзячны, што мяне глядзяць. Таму што, мне падаецца, калі вы жадаеце стаць блогерам ці журналістам, трэба рабіць тое, што ў першую чаргу вам цікава. І тады людзі пабачаць, што гэта шчыра, і будуць гэта глядзець і дапамагаць вам. А мне цікава вывучаць родную беларускую мову. Таму што, на жаль, лёс склаўся так, што беларуская мова доўгі час была ў заняпадзе, мы забываем нешта, і вось мне цікава праз такія лёгкія, вясёлыя фарматы займацца яе вывучэннем, даследаваннем.

РР: Вы зараз працягваеце праект «Мова ў працы».
Васіль Ядчанка: Ужо выйшла больш за 20 відэа ў межах гэтага праекта. Гэта няпростая праца. Трэба абіраць лакацыі, пісаць сцэнары, дамаўляцца. У нас выйшлі ўжо: электрыня, офісны працаўнік, афіцыянтка, псіхалагіня, будаўнік, масажыст, кухар, сантэхнік, медыцынская сястра, цырульнік, маляр-тынкоўшчык і цясляр. І зусім новае – пра буцік. Гэта мы з маёй напарніцай Кацярынай Гардзеевай падрыхтавалі сцэнку ў магазіне адзення.

Толькі за апошні год аўдыторыя “Мова ад Васіля” ў ТікТок з Беларусі склала 1 902 500 чалавек. Згодна з даследваннем, колькасць карыстальнікаў ТікТок у Беларусі складае 5 630 000 чалавек, – дадаў сам блогер.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Васіля Ядчанкі