Заснавальнік і дырэктар Навучальнага цэнтра “Адукацыйныя тэхналогіі” (пад яго эгідай працавалі моўныя курсы) Эдуард Цалюк напісаў у Instagram пра “няпростыя прававыя абставіны”.

22 кастрычніка ва ўпраўленні юстыцыі Мінгарвыканкама супрацоўнікам цэнтра давялі інфармацыю аб пачатку працэдуры яго ліквідацыі. Аднак рашэння не паказалі і не назвалі падставы, на якіх яно прынятае. Таму быў накіраваў ліст у выканкам з просьбай даць доступ да рашэння аб ліквідацыі. Напярэдадні стала вядома, што на пачатку кастрычніка ў офіс навучальнага цэнтра прыехала фінансавая міліцыя. Сілавікі правялі ператрус, заблакавалі рахункі, што робіць немагчымым любыя разлікі. Цалюк піша, што цэнтр вымушаны спыніць выкладчыцкую дзейнасць і аказанне паслуг, пры гэтым пакуль не мае магчымасці вярнуць грошы навучэнцам.






