BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Музей імя Івана Луцкевіча ў Вільні адзначыў сваё 25-годдзе

25-годдзе з дня сваёй рэгістрацыі адзначыў Беларускі музей імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Свята прайшло ў сценах музея 7 сакавіка.

Музей імя Івана Луцкевіча ў Вільні адзначыў сваё 25-годдзе.

На яго былі запрошаныя ганаровыя госці, якія спрычыніліся да дзейнасці музея, сябры ўстановы, журналісты, а таксама нашчадак вядомай сям’і Луцкевічаў – унучка Антона Луцкевіча – Алеся Луцкевіч.

Алеся Луцкевіч
Алеся Луцкевіч

Як кажа Алеся Луцкевіч, хто яе дзяды і якую ролю адыгралі для беларускага грамадства, яна ведала яшчэ з дзяцінства, бо пра гэта ёй распавядаў яе бацька і яна вельмі цешыцца, што гэтаму ёсць працяг:

– Я сапраўды вельмі цешуся, што гэта ўсё ёсць. Ясна, што гэта не той музей, які быў, але гэта канкрэтнае месца, дзе ёсць людзі, якія гэтым канкрэтна займаюцца. І мне вельмі падабаецца, што тут шмат увагі надаецца адукацыі дзетак. Таму што самы разумны ўклад – гэта ўклад у будучыню. Таму што ўсё адбываецца ў сям’і. Не дзяржава робіць людзей беларусамі, а родная сям’я робіць гэта і памяць гістарычная.

Людвіка Кардзіс
Людвіка Кардзіс

Паводле дырэктаркі Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча Людвікі Кардзіс, самым галоўным дасягненнем яна лічыць тое, што музей мае сваё памяшканне:

– Мы можам арганізоўваць свае выставы, мы працуем са сваімі экспанатамі. Тое, што ў нас ёсць, збіралася гадамі, і цяпер гэтыя экспанаты ўжо не ляжаць нейкім мёртвым грузам, а нашы дзяўчаты-навукоўцы іх апрацоўваюць, яны выкладзены ў сеціва, да іх маюць людзі доступ, і гэта вельмі важна.

Як кажа Людвіка Кардзіс, дзейнасць музея не абмяжоўваецца толькі музейнай справай, у іх ёсць і адукацыйная галіна – школа для дзетак, вывучэнне моваў для дарослых. Пры музеі працуе яшчэ бібліятэка і жаночы клуб.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя