BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Музей Вольнай Беларусі набірае творчыя праекты на 2026 год

Музей вольнай Беларусі

Музей Вольнай Беларусі распачынае прыём заявак на рэалізацыю творчых,
культурніцкіх і адукацыйных праектаў у 2026 годзе. Прыём заявак пачаўся
12 студзеня і працягнецца да 10 лютага 2026 года.
Ужо трэці год запар Музей Вольнай Беларусі праводзіць адкрыты набор
ініцыятыў, якія могуць быць рэалізаваныя на музейнай пляцоўцы ў Варшаве. Да
ўдзелу запрашаюцца творцы, культурніцкія і адукацыйныя ініцыятывы,
грамадзянскія супольнасці і нефармальныя групы, а таксама ўсе, хто мае ідэю
праекта і гатовы падзяліцца ёю ў публічнай музейнай прасторы.
Музей адкрыты да новых фарматаў і тэм, што спрыяюць развіццю беларускай
культуры, захаванню гістарычнай памяці, адукацыі і грамадскаму дыялогу. У
межах набору разглядаюцца заяўкі на выставы і арт-праекты, літаратурныя
клубы і сустрэчы, дыскусійныя і адукацыйныя серыі, гістарычныя і
міждысцыплінарныя ініцыятывы, а таксама доўгатэрміновыя праекты і асобныя
імпрэзы.
Аўтарам і аўтаркам адобраных праектаў Музей Вольнай Беларусі прапануе
шматфункцыянальную музейную прастору ў цэнтры Варшавы, арганізацыйную,
тэхнічную і інфармацыйную падтрымку, а таксама — пры неабходнасці —
ментарскую супрацу на этапах падрыхтоўкі і рэалізацыі праекта.
Для ўдзелу ў наборы неабходна запоўніць анлайн-заяўку. У заяўцы просім
коратка апісаць канцэпцыю праекта, яго мэты і задачы, меркаваныя тэрміны
рэалізацыі, а таксама пазначыць, ці мае праект фінансавую падтрымку. Каманда

Музея Вольнай Беларусі разгледзіць усе атрыманыя прапановы і абярэ праекты ў
розных напрамках.
Прыём заявак: з 12 студзеня да 10 лютага 2026 года.
Пытанні па ўмовах удзелу можна накіроўваць на e-mail:
[email protected]
Музей Вольнай Беларусі просіць беларускія незалежныя СМІ падтрымаць
распаўсюджванне інфармацыі пра набор творчых праектаў. Гэта добрая
магчымасць падтрымаць беларусаў у эміграцыі, даць ім прастору для творчай і
крэатыўнай рэалізацыі, а таксама дапамагчы новым ініцыятывам знайсці сваю
аўдыторыю і голас.

Музей вольнай Беларусі