BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Музей Вольнай Беларусі працягвае навучанне па лічбавізацыі калекцый

18 лістапада 2025 года ў Музеі Вольнай Беларусі (Варшава), а таксама ў анлайн фармаце, у межах працы Беларускай музейнай лабараторыі, пройдзе ўжо чацвёртая па ліку сустрэча, прысвечаная пытанням стварэння і выкарыстання лічбавых калекцый.

Серыя варкшопаў па гэтай тэме аб’яднала спецыялістаў музейнай справы, архіваў і бібліятэк, якія ствараюць беларускія лічбавыя калекцыі ва ўмовах эміграцыі. Падчас сустрэч сваім досведам па фарміраванню і развіццю беларускіх электронных калекцый падзяліліся прадстаўнікі культурніцкіх інстытуцый з Варшавы, Лондана, Вільні, а таксама электроннай бібліятэкі «Камунікат».

Адначасова ўдзельнікам лабараторыі быў прадстаўлены практычны вопыт польскіх устаноў па фандрайзінгу і выкарыстанню штучнага інтэлекту ў пошуках сродкаў на праекты ў сферы лічбавізацыі культурнай спадчыны.

Наступная сустрэча, якая адбудзецца ўжо ў бліжэйшы аўторак, таксама мае практыкаарыентаваны характар. Спецыялісты польскіх устаноў – Цэнтра грамадскай архівацыі (Centrum Archiwistyki Społecznej) і Пазнанскага цэнтра суперкамп’ютарна-сеткавых тэхналогій (Poznańskie Centrum Superkomputerowo-Sieciowe (PCSS) распавядуць пра еўрапейскія лічбавыя платформы і інструменты для размяшчэння лічбавых калекцый, а куратарка куратарка Віленскага беларускага музея імя І.Луцкевіча (Паўліна Вітушчанка) раскажа аб падрыхтоўцы аб’ектаў і дакументаў да лічбавізацыі.

Мовы сустрэчы – беларуская і польская, удзел можна прыняць у анлайн і афлайн фарматах па папярэдняй рэгістрацыі. Час правядзення – 12:00 – 18.00.

Серыя варкшопаў, прысвечаных лічбавізацыі музейных калекцый, праходзіць ў межах праекта «Лічбавізацыя і прадастаўленне доступу да матэрыялаў Музея Вольнай Беларусі», які адбываецца ў межах праграммы «Лічбавая культура 2025» і сафінансаваны за кошт сродкаў Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы, атрыманых з Фонду падтрымкі культуры – дзяржаўнага мэтавага фонду.

Музей Вольнай Беларусі