BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Музей Вольнай Беларусі працягвае выставу Ніны Маргаевай

Музей Вольнай Беларусі працягвае працу выставы Ніны Маргаевай “Крок насустрач” і ў яе межах арганізуе дабрачынную выставу-продаж. Да ўдзелу ў гэтай ініцыятыве запрашаюцца беларускія мастакі і мастачкі, якія гатовыя прадставіць свае творы на продаж у падтрымку Ніны. Ужо вядомыя імёны некаторых удзельнікаў і ўдзельніц: мастачкі Лера Лазук, Света Баева, Ксіша Ангелава, музыка і мастак Піт Паўлаў.

“Крок насустрач” — гэта выстава, у якой Ніна Маргаева даследуе штодзённае жыццё праз простыя прадметы і пейзажы, што ператвараюцца ў знакі асабістых перажыванняў і эмоцый. Асноўная серыя работ “Жыццё на пятым паверсе” адлюстроўвае самоту і ізаляцыю, уласцівую гарадскому жыццю, дзе кожны элемент інтэр’ера становіцца метафарай унутранага стану чалавека. Працы Маргаевай перадаюць пульс думак праз мяккасць каляровых пераходаў і цішыню тэкстур, што раскрывае глыбіню чалавечых пачуццяў.

Дабрачынная выстава-продаж, якая будзе дапаўняць экспазіцыю, накіравана на збор сродкаў для падтрымкі Ніны Маргаевай, якой у студзені 2023 года быў дыягнаставаны бакавы аміятрафічны склероз (БАС) — рэдкае і невылечнае захворванне, што абмяжоўвае рухальную актыўнасць і патрабуе пастаяннай медыцынскай дапамогі. 100% сродкаў ад продажу твораў (за вылікам падаткаў) будуць накіраваны на лячэнне і аплату неабходнай падтрымкі.

Мастакі і мастачкі могуць прынесці свае працы для ўдзелу да 24 кастрычніка. Удзельнічаць можна ананімна, пры гэтым раскрыццё імёнаў адбудзецца толькі па жаданні аўтара падчас продажу.

Адкрыццё выставы-продажу адбудзецца 26 кастрычніка ў 16:00. Падчас адкрыцця адбудзецца музычны выступ Піта Паўлава, акрамя таго ён распавядзе аб прадстаўленых працах. Выстава будзе працаваць да 2 лістапада ўключна.

Часы працы музея для перадачы прац:

  • Аўторак – пятніца: 16:00–20:00
  • Субота – нядзеля: 12:00–20:00

Па пытаннях удзелу звяртайцеся ў Instagram @freebelarusmuseum або на пошту [email protected].

Паводле прэс-рэлізу