BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Музейны фонд Ружанскага палаца папоўняць артэфакты XVI-XVII ст

Музей Ружанскага палацавага комплексу роду Сапегаў працуе з 25 студзеня 2011 года. Спачатку наведвальнікі маглі пабываць толькі ў дзвюх залах, дзе быў прадстаўлены мінімум экспанатаў.

“За 15 гадоў фонды музея папоўніліся. Мы сабралі больш за 4 тыс. экспанатаў. Было арганізавана 90 выстаў, прынята звыш 330 тысяч наведвальнікаў. Цяпер у нас адкрыты пяць залаў: чатыры экспазіцыйныя і выставачная”, расказала БелТА дырэктарка ўстановы Алена Кубарка.

Ружанскі палацавы комплекс у 2025 годзе наведалі амаль 45 тыс. турыстаў з розных рэгіёнаў Беларусі, краін блізкага і далёкага замежжа.

На тэрыторыі палацавага комплексу прадаўжаюцца рэстаўрацыйныя работы. Падчас работы рэстаўратараў і археолагаў былі знойдзены вельмі цікавыя артэфакты XVI-XVII стагоддзяў, якія ўжо ў гэтым годзе папоўняць калекцыю музея – гэта фрагменты кафлі з геральдыкай роду Сапегаў, фрагменты керамічнага посуду, манеты, кулі і іншыя прадметы, – расказала дырэктарка.

Рэстаўрацыя Ружанскага палаца пачалася ў 2008 годзе. З таго часу абноўлена цэнтральная ўязная брама і адноўлены бакавыя флігелі, у якіх створаны музей. Праведзена рэстаўрацыя паўночна-ўсходняй аркады. Завершаны знешнія работы па рэстаўрацыі двухпавярховага Усходняга (тэатральнага) корпуса. Там плануецца размясціць музейнае памяшканне, фондасховішча, шматфункцыянальную залу, гасцініцу і кафэ.

Па праграме “Культурная прастора” ў 2026-2030 гадах аднаўленне архітэктурнай перліны прадоўжыцца. Фінансаванне будзе паступаць з некалькіх крыніц, у тым ліку з мясцовага і рэспубліканскага бюджэтаў.