
Беларускі музыка Раман Арлоў выступіў на летняй тэрасе клубу Scena Chmielna у Варшаве. Падчас імпрэзы да творцы далучылася спявачка Verona. “Гэта не першая нашая супраца”, – распавёў Раман Арлоў:
– Verona спявала галоўную ролю ў мюзікле “Чарадзей” у снежні. Мы зноў аб’ядналі нашы высілкі. Што магу сказаць, да сваёй праграмы аўтарскіх песень дадаліся таксама нумары з “Чарадзея”, дадаліся нумары, якія спявае мой альтэр эга Цыбульскі. Боб Цыбульскі мае два віды рэпертуару, гэта альбо каверы, але з перакладам на беларускую мову. У другім аддзяленні Боб Цыбульскі праспявае некалькі сваіх стылізацый на ангельскай мове ў жанры дарк-кантры.

Яшчэ адзін выступ на тэрасе Раман Арлоў зладзіць у суботу, 25-га траўня.
Акрамя таго, артыст цяпер рыхтуе музычна-тэатральную пастаноўку, прысвечаную Кастусю Каліноўскаму. “Праца толькі пачалася, таму падрабязнасці раскрываць яшчэ рана”, – патлумачыў творца.

Беларускае Радыё Рацыя






