BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Мы працуем над адбудоўваннем “экасістэмы” для беларускай культуры”

ArtPower Belarus, аналіз культурніцкага поля Беларусі і замежжа, адсочванне інфармацыі пра тых дзечоў культуры, што зараз з палітычных матываў знаходзяцца за кратамі. Усё гэта ды не толькі пра бягучую дзейнасць Беларускай Рады культуры.

Апошнімі навінамі падзялілася наша сённяшняя Госця Рацыі – намесніца кіраўніка Беларускай Рады культуры Надзея Гарэцкая. Размаўляе з ёй наша карэспандэнтка Аліса Поль.

РР: Чым цяпер занятая Беларуская Рада культуры, на чым агулам канцэнтруеце свае высілкі?

Надзея Гарэцкая: Наша місія не змянялася дастаткова даўно. Мы працуем над тым, каб адбудоўваць “экасістэму” для дзеяння беларускай культуры, і асабліва ў цяперашні неспрыяльны час, ва ўмовах рэпрэсій, эміграцыі і пошуку сябе ў новай рэчаіснасці. І робім мы гэта праз разнастайныя захады – першасна, гэта з таго, з чаго пачыналася Беларуская Рады культуры, калі працавала як Фонд салідарнасці. Гэта акурат дапамога дзеячам культуры, якраз нядаўна быў апублічаны збор на дапамогу мастачцы Ніны Маргаевай. На дадзены момант збор закрыты, і ўсе сродкі перададзеныя ёй.

Зразумела, што гэтага пакуль недастаткова для паўнавартаснага жыцця чалавека, але ведаем, што ёсць падтрымка з іншага боку, і ўсё адно заклікаем па магчымасці дапамагаць Ніне.

Але пры гэтым у нашым фокусе знаходзіцца стварэнне інфраструктуры, якая будзе дапамагаць і будзе садзейнічаць якаснай працы ўсёй культуры ў дадзены момант. Такім чынам мы працуем зараз у рэсурсным цэнтры, і вялікі праект ад ArtPower Belarus у дадзены момант ідзе да свайго завяршэння, мы падводзім вынікі, апрацоўваем справаздачы. Спадзяюся, што бліжэйшым часам мы будзем гатовыя падзяліцца канчатковымі лічбамі пра колькасць падтрыманых праектаў, мабільнасцяў і пакажам вам статыстыку. Аднак ужо зараз можна глядзець тыя праекты, якія былі падтрыманыя ў межах праграмы на сайце рэсурснага цэнтра.

Я, канешне, тут зраблю заўвагу пра тое, што мы не публічым тыя праекты, для якіх такая згадка можа быць небяспечнай. Гэта ў першую чаргу праекты, якія цалкам адбываюцца ўнутры Беларусі альбо гэта праекты, якія ажыццяўляюць каманды па абодва бакі мяжы. Аднак вы можаце паглядзець і ўбачыць агульную сістэму.

Яшчэ адзін важны кірунак, над якім мы зараз працуем – гэта аналітыка культурнага поля. Вось акурат на тыдні і на мінулым тыдні мы публікавалі аналітычныя агляды за апошнія паўгода ў розных сферах культуры. Яна зараз дасяжная ў нас праз тэлеграм-канал. У вельмі хуткім часе будзе дасяжная праз наш асноўны сайт, зараз ён на рэканструкцыі, а таксама ў бліжэйшыя часы зможам вам яго прэзентаваць.

РР: Давайце прыгадаем, што такое ArtPower Belarus і якую місію ён ставіць?

Надзея Гарэцкая: Праграма ArtPower Belarus – гэта вялікая праграма Еўрапейскага звязу, якую імплементуюць Дацкі культурны інстытут сумесна з Беларускай Радай культуры, ягоная місія – гэта падтрымка грамадзянскай супольнасці праз культуру і мастацтва. Мы правялі сем такіх заклікаў-колаў на падтрымку разнастайных праектаў і мабільнасцяў. Зараз ужо можна сказаць, што ўжо больш за 130 заявак ухвалена, дакладную статыстыку мы зможам вам крыху пазней прадаставіць. У гэтай праграме мы падтрымлівалі як маленькія творчыя праекты, так і выданні кніг, напісанні нейкіх творчых прац, запіс альбомаў, так і дастаткова вялікія. Гэта тэатральныя пастаноўкі, арганізацыя атр-рэзідэнцый альбо вялікія медыя праекты.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя