Студыя “Купалінка” ў Варшаве існуе ўжо пяты год. Зараз яе наведваюць 50 беларускіх дзяцей, а займаюцца з імі 5 выкладчыкаў, сярод якіх вядомы беларускі акцёр – “Маляваныч” – Аляксандр Ждановіч. Пра асноўныя кірункі дзейнасці і новыя праекты студыі распавядае Госця Рацыі – кіраўніца студыі і фонду “Купалінка” Наталля Локіць. Размаўляе з ёй наша карэспандэнтка Таццяна Смоткіна.

РР: Распавядзіце, калі ласка, пра сваю арганізацыю, чым займаецеся і пра дзяцей.
Наталля Локіць: Студыя “Купалінка” існуе ўжо з 2020 года, то бок ужо пяты год, адзначылі мы дзень народзінаў. І зразумела, што яна пачыналася з першай хвалі міграцыі пасля 2020 года, акурат пасля выбараў. І калі яна раней была зусім невялікай, то зараз да 2025 года мы маем 50 дзяцей, 5 выкладчыкаў і яшчэ ў дадатак да ўсяго ў нас у Польшчы, у Варшаве, ёсць фундацыя, якая называецца “Купалінка”. Мы займаемся менавіта з дзецьмі і дарослымі тэатральнымі сродкамі. Такое праводзім нават не культурніцкае, а хутчэй адукацыйна-культурніцкае развіццё нашых дзяцей у замежжы.
РР: То бок навучаеце беларускай культуры, танцам ці толькі тэатральныя пастаноўкі ладзіце?
Наталля Локіць: У межах студыі дзеці працуюць у пяці групах ад 4 да 48 гадоў, то бок існуе пяць групаў, і ў верасні запускаецца яшчэ адна група 60+ для нашых беларускіх сеньёраў. У межах студыі мы праводзім заняткі па сцэнічнай мове і спеву, харэаграфіі, сцэнічнам руху, акцёрскаму майстэрству. І яшчэ мы, канешне, прасоўваем беларускую культуру, беларускую літаратуру менавіта. То бок на аснове беларускай літаратуры, фальклору мы робім вялікі націск на беларускі фальклор, на аўтэнтычнасць.
Апрача ўсяго праводзім вялікія імпрэзы – гэта абавязкова Каляды, дзе мы збіраем на сцэне ўсіх удзельнікаў “Купалінкі”, а гэта 50 чалавек. Яны нейкім чынам прымаюць удзел у Калядах. І абавязкова ўжо чатыры гады запар “Купалінка” праводзіць “Купалле” ў Варшаве ля Віслы. Гэта вымагае, канешне, шмат высілкаў, мы ўсё больш і больш задзейнічаем нашых студыйцаў, то бок моладзь і дарослых. І яно ўжо абрастае такім “мясам сваім” і становіцца з кожным годам усё лепш і лепш. Далучаем мы беларускія гурты і палякаў таксама. Да нас прыязджае прыгожая ладдзя, якая возіць усіх па начной Вісле і гэтак далей.
Вось такія ініцыятывы ладзім, і яшчэ наперадзе шмат розных праектаў, якія мы хочам разам з нашай моладдзю арганізоўваць. То бок мы моладзі даём не толькі веды сцэнічнай мовы, спеваў, як сябе адчуваць недзе ў вялікім калектыве, але моладзі і дарослым даем яшчэ такія аніматарскія веды. То бок яны могуць весці нейкія там імпрэзы, праводзіць варштаты, таму што ў дзяцей і дарослых, і ў моладзі ўжо ёсць досвед працы ў розных беларуска-польскіх праектах.
РР: Як палякі ўспрымаюць беларускую культуру, напэўна ж, і на ваша Купалле ходзяць? Што яны вам выказваюць пасля гэтых імпрэзаў?
Наталля Локіць: Па-першае, калі мы кажам пра “Купалле”, то самае аўтэнтычнае Купалле акурат у беларусаў. Яны прыходзяць проста ўбачыць гэтае свята, якім яно павінна быць.
РР: Падзівіцца, можна так сказаць?
Наталля Локіць: Так, падзівіцца і паглядзець. І калі яны ўжо прыходзяць, напрыклад, яны прыйшлі два гады таму, то яны будуць прыходзіць і кожны раз. У гэтым годзе мы яшчэ дадалі і ўкраінскі бок, і яны таксама ўзялі ўдзел, падтрымалі. І я пасля размаўляла з дзяўчатамі-ўкраінкамі, і адна з іх сказала, што проста закаханая ў нашу культуру, у Беларусь. Яна вывучае беларускую мову, украінка, яна ходзіць на ўсе “Купаллі”, яна ўдзельнічае таксама ў гэтых спевах. Яна праніклася нашай культурай.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






