
У беластоцкім палацы Гасбахаў адбылася ўрачыстая прэс-канферэнцыя, на якой Падляшскі ваяводскі захавальнік помнікаў Адам Мусюк прадставіў двух адкрывальнікаў археалагічных помнікаў, узнагароджаных міністрам культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы. Шчэпан Скібіцкі знайшоў унікальны меч Х стагоддзя — сапраўдную рэліквію Сярэднявечча:
— Падчас рэкрэацыйнага апускання ў раку я выпадкова знайшоў меч. Я захаваў яго ў вадзе, каб ён быў ізаляваны ад паветра і далейшая карозія не адбывалася. Гэта настолькі важная знаходка, што папраўдзе, калі казаць пра ранняе сярэднявечча, то пра тэрыторыю Падляшша мы ведаем вельмі мала. Гэтая рэч, спадзяюся, яшчэ раскажа сваю гісторыю, бо зараз яна ў працэсе кансервацыі.

Войцех Банасік, у сваю чаргу, знайшоў скарб, які ўтрымліваў, сярод іншага, ажно 49 раннесярэднявечных манет:
— Ідучы праз поле, я заўважыў манеты — адну, другую, агулам удалося знайсці некалькі дзясяткаў. Адразу зразумеў, што гэта вельмі важная знаходка, бо адразу было відаць, што гэтыя манеты сярэднявечныя. Гэта адзіны скарб заходнееўрапейскіх манет, а акрамя таго былі манеты нямецкія, англасаксонскія, чэшскія і венгерскія.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:

Падчас сустрэчы Адам Мусюк падкрэсліў важнасць для жыхароў рэгіёна паведамляць аб усіх археалагічных адкрыццях да ваяводскага захавальніка помнікаў. Адпаведна ўсе знаходкі засталіся на Падляшшы і пасля кансервацыі будуць экспанавацца у Падляшскім музеі і Музеі войска ў Беластоку.

Беларускае Радыё Рацыя