Цяпер увесь, ці амаль увесь, свет сучаснага беларускага мастацтва смуткуе. Пайшоў з жыцця фотамастак Уладзімір Парфянок.
Я пазнаёміўся з Уладзімірам па дарозе ў польскае Труймясто – так называюць польскія гарады Гданьск, Сопат і Гдыню, якія даўно сталіся адзіным урбаністычным цэлым.
У 1993 годзе ў Труймясце быў фестываль нацыянальных меншасцяў Польшчы, і там сярод іншых свае работы рэпрэзентаваў Уладзімір Парфянок. Для Беларусі ўсё толькі пачыналася. Тады падавалася, што новая Беларусь, як і яе новая культура – гэта назаўжды.
Так і сталася, толькі з папраўкай, што новаму давялося прадзірацца праз гушчар старога і зусім не добрага.
Імя Уладзіміра – гэта пра сучаснае беларускае мастацтва, пра станаўленне сучаснай Беларусі. Той самай, якая найяскрава выявілася ў 2020 годзе.
Калі хтосьці кажа, што ў Беларусі «нічога не адбываецца», я адразу згадваю такіх людзей, як Уладзімір Парфянок.
Вось як на шматлікіх інтэрнэт-пляцоўках падаецца ўнёсак Уладзіміра ў беларускую культуру:
«Уладзімір Парфянок – адна з выбітных постацяў у беларускай фатаграфіі. Рэдактар, фатограф, прадстаўнік «новай хвалі» творчай фатаграфіі 1980-х, куратар і адзін з заснавальнікаў галерэі візуальных мастацтваў Nova, ён зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё беларускай фатаграфіі і культуры.
Удзельнік шматлікіх выставачных праектаў у Беларусі і за мяжой.
Адзін з выкладчыкаў Школы фатаграфіі ў Менску. Куратар Нацыянальнага цэнтру сучасных мастацтваў Майстэрні-музею Заіра Азгура. Пад яго ўплывам было сфармаванае не адно пакаленне фатографаў і крытыкаў фатаграфіі.
Аўтар культавых фотасерый «Persona non-grata», «Lucida momenta», «Сад камянёў» ды іншых. Сябра Беларускага саюзу мастакоў і дарадца экспертнага савета Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў».
Цяпер у сацыяльных сетках ідзе вялікая хваля спачуванняў, так шмат людзей аб’яднала імя Уладзіміра Парфянка.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя