У аграгарадку Сянькоўшчына Слонімскага раёна напярэдадні Вадохрышча, калі завяршаецца калядны цыкл, прайшоў абрад “Падсаджванне Каляды на дуб”, паведамляе kultura-info.by.

“Гурт калядоўшчыкаў, дзе задорна скакала калядная Козачка і паважна крочыла Баба-Каляда, рушыў праз заснежаную вёску да магутнага векавога дуба, які, як старажытны вартаўнік часу, прыняў ганаровую ахвяру — гаршчочак з духмянай куццёй”, — расказалі ў Слонімскім раённым цэнтры культуры.

Ва ўстанове адзначылі, што “гэты рытуал — не проста даніна мінуламу, а шчырая размова з прыродай і небам. Узнімаючы абрадавую кашу на галіны дрэва, людзі нібы адпраўлялі пасланне Богу: прасілі аб ціхім шчасці ў кожнай хаце, аб заступніцтве ад бед і аб тым, каб кожнае зерне ў будучыні прарасло багатым коласам”.






