BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“На жаль, тэндэнцыі захавання беларускай мовы ў Літве не назіраюцца”

Пабачыла свет новая манаграфія „Сучасныя беларускія гаворкі ў Літве. Том 2“ польскага беларусіста Міраслава Янковяка. Другі том прысвечаны гаворкам Салечніцкага (Шальчынінінкайскага) раёну і змяшчае дэталёвы аналіз фанетыкі, марфалогіі, сінтаксісу, лексікі, а таксама тэматычны слоўнік і тэксты мясцовых жыхароў.

На жаль, сёння ў Літве няма тэндэнцый да захавання беларускай мовы: многія мясцовыя гаворкі паступова знікаюць пад уплывам польскай і літоўскай моў. Менавіта пра гэта, а таксама пра вынікі сваёй экспедыцыі і магчымыя шляхі падтрымкі мясцовых дыялектаў, сёння раскажа наш госць — дыялектолаг Міраслаў Янковяк.

Фота з архіва Міраслава Янковяка

РР: Віншуем Вас з выхадам другога тома “Сучасных беларускіх гаворак у Літве”! Што стала галоўным імпульсам для працягу працы над другім томам і якую ролю тут адыграў можа быць сам Інстытут літоўскай мовы?

Міраслаў Янковяк: Калі казаць пра гэтую кніжку, усё пачалося з таго, што мовазнаўцы, дыялектолагі з Інстытута літоўскай мовы ў Вільні больш за 15 гадоў таму правялі еўрапейскі грант, які датычыў геалінгвістычнай сітуацыі ў Літве. Яны першы раз зрабілі штосьці такое, што даследавалі і апісалі не толькі літоўскія дыялекты, але таксама апісалі польскія, рускія, тут перадусім стараверскія, і таксама беларускія. І гэта вельмі важна, таму што немагчыма комплексна апісаць літоўскія дыялекты на такім змешаным памежжы, не апісваючы польскай мовы, беларускіх дыялектаў ці рускай мовы. Яны вырашылі запрасіць да супрацоўніцтва ў рамках шматгадовага праекта беларусіста, каб апісаць комплексна беларускія гаворкі на тэрыторыі Літвы. Яны думалі, як гэта зрабіць. Ці проста зрабіць па структуры мовы, значыць, першы том – фанетыка, другі – марфалогія, трэці – сінтаксіс, чацвёрты – лексіка, напрыклад, фразеалагізмы і так далей. Але мы дайшлі да такога рашэння, што лепш зрабіць па раёнах. Таму што на тэрыторыі Літвы маем розныя арэалы. Традыцыйна гаворыцца, што на тэрыторыі Літвы – гэта гістарычна паўднёва-заходні дыялект, а калі мы сёння на гэта глядзім, гэта паўднёва-заходні дыялект і сярэдне-беларускія гаворкі. Але беларускія гаворкі расцягваюцца на больш вялікай тэрыторыі – гэта на поўначы Літвы ад Ігналіна, далей Свенцянскі раён, Віленскі раён, Салечніцкі раён, Тракайскі раён і Варэнскі раён. І мы вырашылі, зрабіць так, што адзін том будзе прысвечаны аднаму раёну.

Першы датычыў Варэнскага раёну. А цяпер у Вільні выйшаў том, прысвечаны беларускім гаворкам на тэрыторыі Салечніцкага раёна. Салечніцкі раён і Віленскі раён – у шырэйшым значэнні Віленшчына – гэта тэрыторыя, дзе ўжо дзясяткі гадоў ранней беларускія дыялекты былі вельмі распаўсюджаныя. Ранейшыя даследаванні праводзіліся дзясяткі гадоў таму. І калі свае даследаванні праводзілі літоўцы ў кааперацыі з беларусамі, гэта было ў 70-х – 80-х гадах, гэта амаль 50 гадоў прайшло, вельмі хутка змяняецца сітуацыя. Калі мы жывем у ХХІ стагоддзі, ЕЗ, свабода перамяшчэння, дэмаграфічныя праблемы, свабодны доступ да СМІ,  гэта ўсё таксама ўплывае на моўную сітуацыю на тэрыторыі Літвы.

Набыць кнігу можна тут:

Išleista habil. dr. Mirosławo Jankowiako monografija „Šiuolaikinės baltarusių šnektos Lietuvoje. Antrasis tomas: Šalčininkų rajonas“ – Lietuvių kalbos institutas

Цалкам гутарка:

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя