BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Надзея Гарэцкая: Намагаемся, каб культурніцкія дзеячы зважалі на аўдыторыю ў Беларусі

У траўні гэтага года эканаміст-менеджар у сацыяльна-культурніцкай сферы Надзея Гарэцкая была прызначана намесніцай кіраўніка Беларускай Рады культуры. Гэтая роля – не новая для Надзеі, і зараз яна – афіцыйная прадстаўніца каманды Рады ў Вільні.

Вольга Сямашка пагутарыла з Надзеяй Гарэцкай пра тое, чым зараз займаецца Беларуская Рада культуры ў Вільні; культурніцкія дзеячы з якіх краін могуць атрымаць падтрымку ў межах праграмы ArtPowerBelarus; наколькі вялікі разрыў паміж артыстамі ў выгнанні і аўдыторыяй беларускай культуры ўнутры самой Беларусі.

РР: Раскажыце, калі ласка, у чым палягае вашая дзейнасць, якія ёсць мажлівасці, і хто можа да вас звяртацца?

– Мая дзейнасць не змянілася. Да гэтага я прадстаўляла Беларускую раду культуры на разнастайных імпрэзах, канферэнцыях, сустрэчах, дзе меўся быць эксперта. Агулам, мая дзейнасць не абмежаваная толькі Вільняй, то бок, я дакладна гэтаксама магу прадстаўляць Беларускую раду культуры на іншых пляцоўках, не абмяжоўваючыся Літвой. Адзінае, у чым мы дакладна размяжоўваемся – я адказваю за ўнутраную дзейнасць арганізацыі, нашую місію, мэты, унутраныя рэсурсы, нашыя праграмы, праекты, якія мы рэалізуем.

РР: Завяршыўся апошні адбор на конкурс ArtPower. Што вядома і ці ёсць удзельнікі з Польшчы? Які працэнт у адносінах да іншых удзельнікаў?

– Уся праграма была накіраваная ў першую чаргу на аўдыторыю, якая ўнутры Беларусі. Рознага кшталту праекты, якія да нас падаваліся, для іх была задача таксама паказаць, як яны працуюць з людзьмі ўнутры Беларусі.

Даволі цяжка заўжды было трапіць на праграму тым праектам, якія рэалізуюцца непасрэдна як дыяспаральныя. Хоць мы разумеем важнасць стварэння суполак беларусаў і фінансаванне Еўразвязу мела канкрэтную мэту падтрымкі грамадзянскай супольнасці і аўдыторыі ўнутры Беларусі.

Усе праекты мусілі паказаць гэта. Мы не рабілі для сябе статыстыкі таго, якія праекты рэалізоўваем, у Польшчы, ці Літве, ці Нямеччыне. Нашая статыстыка больш сягала таго, колькі праектаў рэалізуецца ўнутры Беларусі, або задзейнічаюць працу партнёраў, нейкіх творцаў унутры Беларусі.

Пакуль мы не падводзілі агульныя вынікі, а толькі вынік першых чатырох колаў, мы бачым, што гэтак на 50-60 адсоткаў было падтрыманых праектаў або цалкам унутры Беларусі або яны ў партнёрстве.

Ёсць у нас публічныя праекты, акурат на выходных былі дзве імпрэзы, якія адбываліся ў тым ліку з падтрымкай праекту ArtPower, гэта фестываль «SONCAHRAJ«, і таксама гэта быў канцэрт «Outside Music System« на вялікай пляцоўцы, які таксама адбыўся пры падтрымцы ArtPower.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле

З «Госцяй Рацыі» – намесніцай кіраўніка Беларускай Рады культуры Надзеяй Гарэцкай, камунікавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя