BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Нам неабходна быць больш крэатыўнымі”

У Беларусі ўсё больш і больш набірае папулярнасць распасюд гістарычных і краязнаўчых ведаў у спрошчаных, даступных усім формах – так званая папулярная гісторыя.

Пра гэтую з’яву і пра яе стан у цяперашняй Беларусі раскажа Госць Рацыі – рэдактар сайта hrodna.life Аляксей Шота:

– Мы займаемся папулярызацыяй гісторыі даволі даўно. Сама тэма гарадзенскай гісторыі, рэгіянальнай, нам была важнай ад моманту заснавання hrodna.life. Я працаваў у Гародні экскурсаводам па горадзе, для нас пісалі матэрыялы розныя краязнаўцы. Тады было трошкі прасцей. Але нават зараз, ва ўмовах, у якіх мы працуем, можна знаходзіць і аўтараў, якія спецыялізуюцца, і самому нешта падвучыць, каб тэму гісторыі больш даносіць да чытачоў, слухачоў, гледачоў. Бо вельмі важна, мне здаецца, тое, што мы на ўсіх магчымых каналах працуем. І мы яшчэ драбім гэтую аўдыторыю. Зараз фактычна hrodna.life наўпрост, як брэнд, гісторыю прасоўвае не так шмат. Але ў нас ёсць розныя іншыя суббрэнды, розныя іншыя каналы, звязаныя з намі, і праз якія мы даносім гістарычную інфармацыю да аўдыторыі. Няблага гэта ўсё працуе ў Інстаграм. Канешне, пэўныя рэчы, больш папсовыя, кшталту нейкіх легенд, баек гарадзенскіх, гэта добра ідзе ў тік-току. Вельмі добра заходзіць нешта банальнае, калі толькі ты гэта абвергнеш. Таксама добра залятае нешта такое правакацыйнае. Ці проста тое, што да цябе не рабілі. Калі ты высветліш, што па нейкай прычыне пра Гародню 90-х, а гэта ўжо гісторыя, не было нічога нармальнага, то значыць гэта трэба запаўняць. Нейкія такія тэмы, як крымінальная Гародня, “вычварэнцкая” Гародня – не кароль Стэфан Баторый, не Эліза Ажэшка, бо і пра іх можна нешта новае расказваць, знаходзіць тое, што не казалі да цябе, але чым больш вузкая тэма, тым, я думаю, лепей.

РР: 2020 год – гэта быў удар па папулярызацыі беларускай гісторыі ці наадварот, – нейкі штуршок да развіцця, да стварэння новых каналаў, новых рэсурсаў?

Аляксей Шота: Інстытуцыйна, канешне, моцна ўдарыў. У тым сэнсе, што ўвесь медыясектар пацярпеў. І ў нас быў у медыясектары часопіс “Наша гісторыя”, былі розныя ініцыятывы, якія  ўнутры Беларусі працавалі. Цяпер іх значна менш, але ёсць. Канешне, і многія класна працуюць у плане папулярызацыі дзяржаўныя ўстановы дагэтуль, тыя ж музеі. У некаторых музеяў вельмі харошыя сацсеткі, вельмі смешныя, папулярныя. Яны якасна робяць сваю працу. Але агулам, канешне, збольшага мы пацярпелі. Але, я думаю, мы адаптаваліся вельмі добра. Панастваралі новых каналаў. І мы, і калегі з іншых выданняў. І гэтыя каналы працуюць. Нам неабходна быць больш крэатыўнымі. Прыходзіцца быць крэатыўнымі і ў плане бяспекі аўдыторыі, і бяспекі людзей, якія ўнутры Беларусі. Крэатыўнымі ў плане распаўсюду, што зараз мы мусім нейкім чынам абыходзіць нейкія цэнзарскія магчымасці рэжыму. І сама важна, новых людзей далучаць да гэтай тэмы. Мы ж не можам увесь час працаваць з той аўдыторыяй, якая ў нас была напрацаваная. Наадварот, кожны дзень твая задача новых людзей прыцягваць да гэтай тэмы. І я ўжо бачу, што ёсць людзі, якія жывуць у Беларусі і настолька далёка ўжо ад палітыкі, што для іх існаванне нейкіх “экстрэмісцкіх” каналаў бывае навінкай.

Цалкам гутарка:

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя