30 жніўня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова (1899-1975).
Міхась Лынькоў – адзін з найбольш вядомых беларускіх пісьменнікаў сярэдзіны ХХ стагоддзя. Таленавіты мастак слова, аўтар раманаў, аповесцей, твораў для дзяцей і крытычных артыкулаў, ён унёс значны ўклад у беларускую літаратуру.
Нарадзіўся Міхась Лынькоў у вёсцы Зазыбы на віцебшчыне ў сям’і чыгуначніка. Вучыўся ў двухкласнай школе пры Рагачоўскай настаўніцкай семінарыі. Працаваў на падсобных работах на чыгунцы, нафтаскладзе, даваў прыватныя ўрокі. Пасля заканчэння семінарыі юнак настаўнічаў у Ліпініцкай земскай школе. Прымаў актыўны ўдзел у працы сельсавета, камітэта ўзаемадапамогі, арганізацыі першага кааператыва. У 1918 годзе, калі нямецкія акупанты захапілі частку Беларусі, уступіў у партызанскі атрад, дзе актыўна змагаўся з ворагам. Летам 1919 года Міхась Лынькоў быў прызваны ў Чырвоную армію. Пасля дэмабілізацыі працаваў настаўнікам у мястэчку Свержань Рагачоўскага раёна. Быў актыўным селькорам бабруйскай акруговай газеты «Камуніст», куды дасылаў свае нататкі, першыя вершы, фельетоны. У 1925 годдзе стаў яе супрацоўнікам: з’яўляўся адказным сакратаром, намеснікам рэдактара, у 1928–1930 гадах – рэдактарам. Пісьменнік шмат зрабіў для таго, каб аб’яднаць вакол газеты таленавітую моладзь: арганізаваў бабруйскую філію «Маладняка», кіраваў яе дзейнасцю. У 1930 годзе Міхась Лынькоў пераехаў у Менск і пачаў працаваць у дзяржаўным выдавецтве БССР. З 1933 па 1941 гады ён з’яўляецца галоўным рэдактарам часопіса «Полымя рэвалюцыі». З моманту заснавання ў 1934 годзе Саюза пісьменнікаў БССР актыўна ўдзельнічаў у яго рабоце (з 1938 па 1948 гады быў старшынёй праўлення).
У 1939 годзе Міхась Лынькоў прымаў удзел у паходзе Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь (рэдагаваў вайсковую газету «Беларуская звязда»). З першых дзён Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў дзеючай арміі: быў рэдактарам франтавой газеты «За Савецкую Беларусь», якая выходзіла на Заходнім, Цэнтральным і Бранскім франтах.
Адразу пасля вызвалення Беларусі пісьменнік вярнуўся ў Менск. Ён працягваў працаваць у Саюзе пісьменнікаў БССР, займаўся навуковай работай. У 1943–1946 і 1949–1952 гадах – дырэктар Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР, у 1953 годзе стаў акадэмікам.
У пасляваенныя гады Міхась Лынькоў актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю. Разам з Якубам Коласам з’яўляўся членам камісіі па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Менску. Удзельнічаў у руху абароны міру і рабоце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. У 1962 годзе Міхасю Лынькову было прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка Беларусі. Ён быў узнагароджаны шматлікімі ордэнамі і медалямі.
Творчай дзейнасцю Міхась Лынькоў пачаў займацца ў час вучобы ў семінарыі. Пісаў прыпеўкі, сатырычныя куплеты, эпіграмы. Першы верш быў надрукаваны ў смаленскай газеце «Борьба» у 1919 годзе. У газеце «Камуніст» публікаваў нататкі, сатырычныя фельетоны, публіцыстычныя вершы. Там жа было змешчана апавяданне «З пражытых год» (1926). Раннія творы Міхася Лынькова, якія ўвайшлі ў зборнікі «Апавяданні» (1927), «Гой» (1929), «Андрэй Лятун» (1930), атрымалі шырокі грамадскі рэзанас і вылучылі іх аўтара ў шэрагі лепшых беларускіх празаікаў таго часу. Рэалістычны паказ беларускай вёскі напачатку ХХ стагоддзя складае асноўны змест няскончанага рамана «На чырвоных лядах», першая частка якога была напісана ў 1934 годзе. Жыццё працоўных Заходняй Беларусі пісьменнік адлюстраваў у зборніку апавяданняў «Сустрэчы» (1940). Асобае месца ў літаратурнай дзейнасці Міхася Лынькова адведзена Вялікай Айчыннай вайне. Апавяданні, што склалі зборнік «Астап» (1944), напоўнены драматызмам і трагедыйнасцю, прасякнуты нянавісцю да ворага, заклікамі да барацьбы з ім. У многіх з іх гучыць тэма знявечанага фашысцкай акупацыяй дзяцінства («Васількі», «Ірына», «Дзіцячы башмачок», «Недапетыя песні», «Пацалунак» і інш.). Падчас вайны Міхась Лынькоў пачаў збіраць матэрыялы, якія пазней сталі асновай рамана-эпапеі «Векапомныя дні» (поўнае выданне 1958; Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа, 1968). Гэта быў першы буйны твор пра народную барацьбу з фашыстамі і партызанскі рух – велічная панарама ўсяго, што адбывалася на тэрыторыі Беларусі на працягу амаль чатырох гадоў акупацыі.
У творчай спадчыне пісьменніка ёсць і творы для дзяцей, у якіх найбольш ярка праявілася шматграннасць яго таленту. Сярод іх – аповесці «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1935), «Міколка-паравоз» (1936, экранізавана ў 1957), апавяданні «Янка-парашутыст» (1937), «Ядвісін дуб» (1940) і іншыя.
Міхасю Лынькову таксама належаць літаратуразнаўчыя працы «Беларуская літаратура за 30 год» (1948, на беларускай і рускай мовах), «Якуб Колас» (1952), «Летапіс эпохі: беларускай савецкай літаратуры пяцьдзясят год» (1968), зборнік артыкулаў «Літаратура і жыццё» (1978), кніга «Публіцыстыка» (1980) і шмат іншых.