24 ліпеня споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння народнага артыста Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Дзяржаўных прэмій Беларусі і СССР Генадзя Гарбука (1934-2018).

Кадр з кінафільма Белыя росы
Імя Генадзя Гарбука шмат гадоў упрыгожвала афішы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Дзякуючы непаўторнаму таленту і вытанчанаму майстэрству артыст стварыў на сцэне шмат цікавых вобразаў, якія запомніліся гледачам цэласнасцю характару, душэўнай мудрасцю, натуральнасцю пачуццяў.
Генадзь Гарбук нарадзіўся ў вёсцы Глыбочка Ушацкага раёна ў сям’і служачага. З дзяцінства захапіўся самадзейнасцю: займаўся танцамі, спяваў, чытаў вершы, пазней кіраваў хорам і драматычным гуртком. Пасля заканчэння школы паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Вопытныя педагогі разгледзелі ў ім прыроднае дараванне і не памыліўся. Ужо першыя эцюды, нават маленькія ролі раскрывалі яркую акцёрскую індывідуальнасць і талент Генадзя Гарбука. Курсавы спектакль “На дне” Максіма Горкага, дзе ён сыграў Ваську Пепла, быў паказаны ў Маскве на аглядзе творчых ВНУ краіны. На пачынаючага акцёра звярнулі ўвагу і запрасілі ў Беларускі драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебск, дзе ён выконваў пераважна ролі савецкіх герояў. У 1962 годзе Генадзь Гарбук пераехаў у Менск і стаў вядучым артыстам Беларускага тэатра імя Янкі Купалы, у якім натхнёна працаваў шмат гадоў.

Кадр з кінафільма Талаш
За доўгія гады працы акцёрам сыграна шмат роляў. Увасабленнем беларускага нацыянальнага характару стаў створаны Генадзем Гарбуком вобраз Васіля Дзятліка (“Людзі на балоце” паводле Івана Мележа). За гэту ролю, якую выконваў спачатку ў радыёпастаноўцы, потым у тэлевізійным спектаклі, у 1966 годзе ён атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі. У вобразе Васіля Дзятліка артыст адлюстраваў усё лепшае, што характарызавала беларуса-палешука: багатую сакавітую мову, працавітасць, яго мары і сумненні. Вострая характарнасць, гумар, выразная пластыка, багатая шматфарбная жанравая палітра, майстэрскае выкарыстанне яркай сцэнічнай дэталі, гратэску выявіліся ў ролях Сымона (“Раскіданае гняздо” Янкі Купалы), Зёлкіна (“Хто смяецца апошнім” Кандрата Крапівы), Яўменя (“Ажаніцца – не журыцца” Міхася Чарота і Далецкіх), Андрэя Буслая (“Парог” Аляксея Дударава), дзеда Курылы (“Сымон-музыка” Якуба Коласа) і іншыя.
Імя Генадзя Гарбука шырока вядома аматарам кіно. Яго работы ў фільмах уражваюць дакладнасцю, яркім тэмпераментам і драматызмам. Ад эпізодаў у кінастужках беларускіх рэжысёраў артыст прыйшоў да галоўных роляў, якія прынеслі прызнанне не толькі на Радзіме. На Міжнародным кінафестывалі ў г. Заграбе (Югаславія) Генадзь Гарбук быў прызнаны лепшым выканаўцам мужчынскай ролі (Пятрок у фільме “Знак бяды”, што выйшаў у 1986 годзе. Ён зняўся таксама ў кінафільмах “Людзі на балоце” (1981; Дзяржаўная прэмія СССР, 1984), “Белыя росы”, “Чорны замак Альшанскі” (абодва 1983), “Маці ўрагану” (1990), “Шэльма” (1996), “Анастасія Слуцкая” (2003), “Я памятаю” (2005), “Ворагі” (2007), “Крыніца шчасця” (2012), “Зімовы вальс” (2013). Фільмаграфія Генадзя Гарбука налічвае 70 роляў.

Кадр з кінафильма Чорны замак Альшанскі
За плённую працу і творчыя дасягненні Генадзь Гарбук быў удастоены звання народнага артыста Беларусі (1980), узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (1995), з’яўляецца лаўрэатам прэміі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў “Крыштальная Паўлінка” (2010).
Беларускае Радыё Рацыя






