BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Наша памяць», дакументальны фільм рэжысёра Юрыя Каліны

Перадпрэм’ерны паказ: 02.02.2025, 14.30, 18:00, кінатэатр «Форум», Беласток, квіткі ў касах кінатэатра.

Прэм’ера на тэлеканале «Белсат»: 02.02.2025, 16.00, 18:00.

Спецпрагляд: 02.07.2025, 18.00, Асяродак культуры ў Бельску Падляшскім.

YouTube player

У 2018 годзе ў Беластоку паўстала грамадская ініцыятыва «Наша памяць». Праект ініцыявала Беларускае гістарычнае таварыства супольна з фондам Kamunikat.org. Да яго далучыліся асобы розных прафесіяў, беларусы і палякі.

Дзейнасць «Нашай памяці» пачалася з дакументавання месцаў памяці аб трагічных падзеях – пацыфікацыі беларускіх вёсак на мяжы студзеня і лютага 1946 г., якую здзейсніў спецыяльны атрад Нацыянальнага вайсковага задзіночання, што зваўся 3-й Віленскай брыгадай пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса, псеўданім Буры.

У выніку дзеянняў атраду за некалькі дзён загінулі 79 мірных жыхароў вёсак, сярод іх жанчыны і дзеці. Спалілі шмат будынкаў. Па пацыфікаваных такім чынам вёсках былі раскіданыя ўлёткі з загадам беларусам выязджаць з Польшчы ў СССР.

Аддзяленне Інстытуту нацыянальнай памяці ў Беластоку расследавала гэтую справу. У «Інфармацыі аб канчатковых высновах следства S 28/02/Zi аб пазбаўленні жыцця 79 чалавек – жыхароў павету Бельск-Падляскі, у тым ліку 30 чалавек, г. зв. фурманаў у лесе каля Старых Пухалаў, загінулых у перыяд з 29 студзеня 1946 г. да 2 лютага 1946 г.», выдадзенай ад 30 чэрвеня 2005 г., сярод іншага чытаем:

«Не аспрэчваючы ідэю барацьбы за незалежнасць Польшчы, рэалізаваную арганізацыямі, якія супраціўляюцца навязанай ім уладзе, да якіх трэба залічыць Нацыянальнае вайсковае задзіночанне, трэба выразна заявіць, што забойствы фурманаў і пацыфікацыю вёсак у студзені і лютым 1946 г. нельга атаясамліваць з барацьбой за незалежнае існаванне дзяржавы, бо гэта мае прыкметы генацыду».

У 2020 годзе Святы архірэйскі сабор Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы залічыў усе ахвяры атраду Бурага да Пакутнікаў холмскіх і падляшскіх.

У 2021 годзе Заляшаны наведаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Разам з епіскапамі Праваслаўнай царквы ў Польшчы ён ушанаваў памяць бязвінна забітых ахвяраў атраду Бурага.

Ініцыятыва «Наша памяць» паставіла помнік на магіле святой Марыі Петручук на праваслаўных могілках у Маляшах каля Бельску-Падляскага. Марыя Петручук стала ахвярай нападу атраду Бурага 2 лютага 1946 г. на вёску Шпакі. Яна супраціўлялася згвалтаванню, і адзін з нападнікаў стрэліў у яе з аўтамата. Дваццацігадовая жанчына памерла ад атрыманых ранаў.