Беларуская паэтка Наста Кудасава, якая зараз жыве ў Польшчы, прэзентавала на Падляшшы свой новы зборнік паэзіі «Побач». Адна з такіх творчых сустрэч адбылася ў беларускім хабе «Новая зямля».
Гаворыць аўтарка.
-Гэта кніга цяпла і памяці, гэта кніга пошуку сябе і Радзімы, пошуку свайго месца ў варунках такой складанай рэчаіснасці, у якой мы зараз апынуліся. Мне хацелася, каб туды трапілі і вершы апошніх гадоў, якія былі напісаныя пасля жніўня 2020 года, але найперш гэтая кніга задумвалася як кніга пяшчоты і пошуку любові, цяпла, пра чалавечую самоту, у экзістэнцыйным сэнсе гэтага слова найперш.
Падобныя сустрэчы на Падляшшы з беларускімі літаратарамі ладзяцца пры супрацы Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў і фонда Камунікат.
Гаворыць суарганізатар з боку фонда – Яраслаў Іванюк.
-Гэтыя сустрэчы адбываюцца пры падтрымцы Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў і галоўная іх задача – сустрэцца беларускім пісьменнікам, якія апынуліся ў эміграцыі, з дзецьмі, якія вывучаюць беларускую мову ў школах, і моладдзю. Былі на сустрэчах у школах, дзе вывучае беларускую мову беларуская меншасць у Гайнаўцы, у Бельску, у Беластоку, а таксама ў школках беларускай дыяспары.
Разам з Настай Кудасавай гэтым разам у такіх сустрэчах брала ўдзел таксама і беларуская мастачка, якая ілюстравала яе прэзентаваны зборнік паэзіі «Побач» – Святлана Дземідовіч.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя