Пасля Раства ў Беларусі традыцыйна ўспамінаюць памерлых, думаюць пра тых, хто застаўся ў гісторыі, і пра людзей, якія пакінулі важны след. Госця Рацыі — даследчыца беларускай гісторыі і культуры, аўтарка альбома-даведніка «Кніга могілак. Беларускія пахаванні ў свеце», лаўрэатка Прэміі імя Францішка Багушэвіча за 2024 год.

Наталля Гардзіенка разам з Лявонам Юрэвічам стварыла ўнікальны праект, які захоўвае памяць пра беларускія пахаванні ў 13 краінах свету і адлюстроўвае гісторыю беларускай эміграцыі.
РР: Дазвольце вас павіншаваць з атрыманнем прэміі Багушэвіча за кнігу «Могілак». Гэтая ж кніга была ўганараваная медалём Скарыны ў мінулым годзе. Як паўставала кніга і які шлях яна ўжо паспела прайсці?
Наталля Гардзіенка: Кніга гэтая рабілася вельмі доўга. Матэрыялы пачалі збірацца яшчэ ў 90-ыя гады маім калегам, даследчыкам беларускай эміграцыі Лявонам Юрэвічам. Тады гэта збіралася ў выглядзе папяровых здымкаў, якія дасылалі розныя беларусы з розных краінаў. А пазней, на пачатку 2000-ых гадоў, да гэтай справы далучалася і я.
У часе сваіх падарожжаў у Аўстралію, ў Вялікабрытанію і іншыя краіны абавязкова наведвала беларускія могілкі. І такім чынам назбіралася даволі шмат матэрыялу. Часам мы прасілі яшчэ іншых асобаў, каб яны ў падарожжах рабілі здымкі канкрэтных пахаванняў. Недзе ў 2017-2018 годзе мы нарэшце даспелі да таго, каб пачаць працу над падрыхтоўкай выдання. Мы хацелі зрабіць даведнік, у якім былі б прадстаўлены як самі выявы пахаванняў беларусаў у розных краінах, гэтак і біяграфічныя звесткі пра людзей гэтых пахаванняў.
Але з пошукам звестак, безумоўна, было багата праблемаў, бо вельмі шмат беларусаў – гэта звычайныя беларусы-эмігранты, пра якіх не згадваецца ў энцыклапедыях. Трэба было шукаць у адмысловых эміграцыйных дакументах хоць нейкія звесткі пра іх. Тым не менш атрымалася нешта назбіраць і падрыхтаваць гэтае выданне.
Кніга рыхтавалася цягам пяці гадоў. За гэты час адбыліся змены ў Беларусі. Мы збіраліся выдаваць кнігу «Могілак» у Беларусі. Але пасля 2020 году ўсё змянілася, і таму кніга выйшла па-за межамі Беларусі. Але я лічу, добра што яна выйшла. Звярнула на сябе ўвагу. Безумоўна, прэмія Багушэвіча гэта ў першую чаргу для нас увага да гісторыі беларускай эміграцыі і да той працы, якую мы робім.

РР: Як атрымлівалася адшукаць магілы беларусаў у свеце. Вы шукалі канкрэтна па людзях, па фактах іх жыцця? Ці маюць сёння такія пахаванні нейкія асаблівыя матэрыяльныя адзнакі, па якіх іх лёгка адшукаць?
Наталля Гардзіенка: Лёгка адшукаць, калі гэта пахаванні на адмысловых беларускіх могілках, як у Злучаных Штатах Амерыкі, існуюць тут асобныя беларускія могілкі ў Нью-Джэрсі. Або калі гэта беларускія часткі на нейкіх агульных пахаваннях, як у Мэльбурне я з гэтым мы сутыкнулася, ці ў Сіднэі, ці ў Манчэстэры.
Даволі частка беларускія пахаванні раскіданыя па розных агульных могілках, і калі ты не ведаеш дакладнага месца, дакладнай адрэсы пахавання, то вельмі складана яго знайсці. Асабліва складана, напрыклад, шукаць пахаванні беларусаў у Нямеччыне ў Мюнхене, бо ў нас былі здымкі, зробленыя яшчэ ў 80-х – 90-х гадах, але калі мы прыехалі туды ў 2017 годзе, то аказалася, што значная частка гэтых пахаванняў ужо не існуе фізічна, яны былі знішчаныя і замененыя іншымі пахаваннямі. Такія законы ў Нямеччыне.
Таму нашая кніга ў пэўным сэнсе як бы захоўвае звесткі пра пахаванні, якіх ужо насамрэч няма. І напэўна гэта адна з найважнейшых функцыяў захавання памяці пра тых беларусаў і тыя беларускія месцы, бо пахаванні – гэта таксама беларускія месцы, якія былі і якія яшчэ ёсць у свеце.
Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя
Фота АПК і з архіву Наталлі Гардзіенкі.






