“Мілыя мясціны” – такую назву мае новы спеўнік для дзяцей Ларысы Сімаковіч. У ім — песні да розных свят, сярод якіх – Дзень маці, Каляды, Новы год і не толькі.

У Варшаве зборнік прэзентавала тэатральная студыя “Купалінка”. З яго кіраўніцай Наталляй Локіць мы пагутарылі пра пастаноўку, спеўнік і цяперашняе жыццё аб’ядання.
— Адбылася прэзентацыя зборніка Ларысы Сімаковіч «Мілыя мясціны», і я скажу, што беларускіх песень для дзетак стала значна больш. Зборнік уяўляе сабой мініяцюрныя кампазіцыі, якія вельмі лёгка кладуцца на слых не толькі дзецям, але і дарослым. Таму ахвотна далучыліся і старэйшыя ўдзельнікі студыі — група падлеткаў „Маладзякі“ і дарослых „Агмяні“. Яны ў нас, між іншым, вельмі спеўныя, проста таленты.
Апроч таго, даўно заўважыла, што менавіта супольныя рэпетыцыі і выступы, калі ўвесь тэатр збіраецца разам, хвалююцца за кулісамі перад пачаткам, гэта дае ўдзельнікам найбольш супольных эмоцый. Артысты „склейваюцца“, калі можна так сказаць, і вельмі кранальна назіраць, калі старэйшыя падтрымліваюць маленькіх. Напрыклад, маленькаму Кастусіку толькі чатыры гадочкі, а ўдзельнікам у групе „Агмень“ — каля сарака, а хвалююцца яны аднолькава. І гэта яшчэ адна з нашых звышмэтаў як педагогаў: не толькі развіваць і пазнаваць нашую культуру, але і вучыць беларусаў быць добрымі і моцнымі людзьмі, якія ўмеюць дапамагаць адзін аднаму.
Нам было вельмі лёгка і весела рэпетаваць усе гэтыя песні, і матывацыя ў нас была вельмі моцная. Бацькі пацвердзяць: нам вельмі не стае культуры добрых сучасных песень для дзетак. Усе песні ці на іншай мове, ці з не вельмі прывабным багажом — то бок з савецкай школы, ці з садочка, прычым, з нашых яшчэ савецкіх часоў. А дзецям трэба новае. І яны выдатна адчуваюць гэта — пах нафталіна ў гэтых савецкіх песнях. Таму, калі выпадкова недзе ў сацсетках нам патрапіў на вочы фрагмент спеўніка, які размясціла спадарыня Сімаковіч, мы адразу загарэліся гэтай ідэяй. І на шчасце, адна з нашых выбітных выкладчыц, Святлана Зелянкоўская, аказалася гадаванкай „Госціцы“ і таму ўзялася быць куратарам гэтай ідэі.
РР: Распавядзіце, калі ласка, як стваралася гэтая самая пастаноўка менавіта вачыма “Купалінкі”?
— Спачатку мы пабачылі сам зборнік. Яго прынесла менавіта Святлана Зелянкоўская да нас. Разгледзелі і ўбачылі, што кампазіцыі там малюханькія, зусім маленечкія. І падумалі, як зрабіць так, каб усе ўдзельнікі “Купалінкі” змаглі ўзяць удзел. Бо, як я казала, ім ад 4 да 40 гадоў. Сталі спрабаваць.
Нам дапамагала таксама Марыя Пятровіч: яна займаецца вакалам з усімі ўдзельнікамі — і з дзеткамі, і з дарослымі. Спачатку дарослыя казалі: „Ой, дзіцячыя песенькі“, але яны настолькі файныя, так лёгка кладуцца на вуха! Як вывучыш гэтую маленькую песеньку, карапульку, будзеш напяваць цэлы дзень. Яны хадзілі і спявалі: „Казёл барадаты“; мае дзеці дома таксама спяваюць «Казла барадатага» ці „Мілыя мясціны“. Яны западаюць і на вуха, і ў сэрца, гэтыя песні.
Такім чынам, калі ўжо вывучылі ўсе гэтыя песні, тады ўжо я ўзялася за працу, каб аб’яднаць усё разам. Больш за сорак удзельнікаў будуць адначасова на сцэнічнай пляцоўцы. Як гэта рабіць? І яны па адной групе выходзілі, далучалі загадкі, вершы, якія таксама ёсць у спеўніку, стасаваліся адзін з адным, жартавалі.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:


З кіраўніцай “Купалінкі” Наталляй Локіць гутарыла нашая карэспандэнтка Марына Савіцкая.
Беларускае Радыё Рацыя






