BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Наталля Локіць: Запрашаем у тэатральную студыю як дзетак так і дарослых

Беларуская тэатральная студыя ў Варшаве “Купалінка” працягвае набор. “Мы запрашаем як дзетак, так і дарослых. Тым больш што сёлета ў нас вельмі цікавыя выкладчыкі”, – распавяла Госця Рацыі – кіраўніца аб’яднання Наталля Локіць – нашаму радыё.

РР: На якім зараз этапе знаходзіцца набор у студыю «Купалінка»?

– Студыя «Купалінка» пачала працу, яна пачала яе з 14 верасня. У нас запусцілася 6 груп: ад 4 да бясконцасці гадоў, і яны ўжо працуюць. Працуем мы на двух розных пляцоўках – гэта нашае старое памяшканне, якое ў нас было два гады, і мы ўжо трэці год там працуем, гэта Мазавецкі Інстытут Культуры па вуліцы Электаральнай. Там працуюць па суботах і серадах чатыры групы. Па нядзелях мы працуем у Беларускім Доме. І яшчэ ёсць некалькі месцаў, яшчэ трывае набор у дарослую групу якая называецца «Агмень», там дзе ў нас удзельнікі ад 17 гадоў.

І трывае набор у вельмі класную, і як мне здаецца перспектыўную групу, якая ў нас называецца «Дыямент». Яна створана спецыяльна для пенсіянераў, але ж мы ведаем, якія ў нас пенсіянеры – вельмі актыўныя пазітыўныя. І мне здаецца, у гэтым годзе мы прапануем для нашых пенсіянераў вельмі класную праграму, таму што да нас далучыліся суперскія выкладчыкі, і мы можам прапанаваць ім такую праграму як развіццё дыхання і фізічныя практыкаванні спецыяльна распрацаваныя для людзей сталага ўзросту на базе менавіта Беларускага Дому.

РР: Ці можна казаць пра тое, што набор у іншыя групы ўжо цалкам завершаны, то бок калі прыйдзе чалавек, які не падпадае ані ў адну ані ў другую катэгорыю, то тады яму наогул няма сэнсу звяртацца да вас, то варта чакаць ужо наступнага году.

– Не, мы прымаем усіх. Цяпер у групах прыкладна 10-12 чалавек. Маленькія групы, дзе дзеткі маюць 4-7 гадоў, там група 8 чалавек, то бок 2 дзяцей мы можам туды яшчэ туды прыняць. Хачу адразу парадавацца, і каб вы са мной таксама парадаваліся тым, што да нас прыйшлі выдатныя выкладчыкі: гэта Аляксандр Ждановіч, Маляваныч наш, які якраз працуе з такімі маленькімі дзеткамі, Маша Пятровіч, акторка РТБД, яна выкладае сцэнмову і народны спеў, яна таксама працуе з дзеткамі. Між іншым Маша працуе і з падлеткамі і з дарослымі. І так выдатна, я прысутнічаю на занятках, і вельмі радуюся, што да нас далучыліся такія вось выкладчыкі.

Да нас прыйшоў Павел Гарадніцкі, які працуе са сцэнрухам, фізічны тэатр. Так як працуе Паша, то не скажаш што гэта толькі рух, гэта сапраўдны прафесійны погляд на сучасны тэатр, гэта тое, куды пагружаюцца і падлеткі і дарослыя. І зараз Паша ўзяўся, яму самаму нават цікава, ён працуе з дзецьмі 10-12 гадоў, гэта нашая група «Зорачкі». Мы яму прапанавалі гэты фармат, і мне здаецца, што і для Пашы гэта эксперымент, і для дзяцей эксперымент. Пакуль што там прайшло толькі два заняткі, мне здаецца, што яны дастаткова ўдалыя.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

З Наталляй Локіць гутарыла журналістка Марына Савіцкая.

Беларускае Радыё Рацыя