BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Навошта на Захадзе далей падтрымліваць беларусаў

Адзін творца разгублена кажа, што не падтрымалі яго праект, другі, трэці… Хто не ведаў, ва ўсе стагоддзі канцэптуальнае мастацтва было датацыйным. Не ведалі б мы сёння Мікеланджала, калі б не спонсарскія заказы трымальнікаў улады часу жыцця мастака. Можна таксама казаць пра самаакупнае камерцыйнае мастацтва, але для такога патрэбны вольны рынак.

Гурт Atesta. Здымак ілюстрацыйны

У лукашэнкаўскай Беларусі які-ніякі рынак захоўваецца. Калі мастакі могуць рабіць штосьці для інтэр’ераў, музыканты «лабаць» у рэстарацыях, то пісьменнікі могуць ствараць, напрыклад, дыпломныя работы ў некалькіх галінах навукаў.

Больш за тое, застаюцца яшчэ магчымасці для фінансавай падтрымкі з-за мяжы для людзей унутры Беларусі. І вось тут пытанне – навошта?

Да 2020 году падтрымка культурных працэсаў наўпрост звязвалася з развіццём грамадства. То бок, новая выдадзеная кніга – гэта не толькі тэкст на паперы пад вокладкай. Гэта яшчэ прэзентацыі, збор людзей у адным месцы – дыскусіі.

З уласнага досведу скажу, што рэдка дыскусіі абмяжоўваюцца выключна зместам кнігі. Так ці інакш яны датычаць вострых пытанняў рэальнасці за вакном.

Сёння клерк у той ці іншай фундацыі разважае: а як мне адсправаздачыцца перад кіраўніцтвам па тэме Беларусі? Што там могуць зрабіць тыя паўпадпольныя кватэрнікі, якія засталіся ў якасці пляцовак для свабодных дыскусій?

Добра калі ў кіраўніцтва фундацыі ёсць стратэгічнае мысленне, у тым ліку адносна будучыні Расеі, Крамля ў ёй і лукашыстаў пры Крамлі. У тым ліку разуменне, што хай сабе цяпер Беларусь існуе ў дэ-факта акупаваным стане, людзі са сваім светаглядам, прадэманстраваным у 2020 годзе, збольшага застаюцца ў Беларусі. І варта іх падтрымліваць, бо маятнік рана ці позна пойдзе ў адваротны бок.

З беларусамі за мяжой у прынцыпе новая сітуацыя. Абапіраюся на ўласны досвед у Польшчы. Тут простыя палякі да канца не разумеюць што за беларусы едуць у Польшчу апошнія тры гады. Часта думаюць, што выключна па грошы. Не ведаючы, што ў Беларусь беларус мог зарабляць болей, чым цяпер у вымушанай эміграцыі. Што справа ў геапалітыцы.

Клерк у фундацыі таксама не да канца разумее што да чаго. Напрыклад, які сэнс падтрымліваць беларускую культуру за мяжой? Чым гэта дапаможа справе дэмакратыі, калі беларусы і так у дэмакратычных краінах.

Людзі творчасці хоць і не на 100%, але вельмі моцна звязаныя са сваёй краінай. Гэта акурат тыя людзі, шмат хто з якіх вернецца адбудоўваць Новую Беларусь.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя