Ва Украіне ёсць некалькі ўнікальных храмавых святыняў, але дзве галоўныя і раўназначныя – гэта Сафія Кіеўская і Спас Чарнігаўскі.

Спаса-Праабражэнскі сабор пачалі будаваць у першай палове ХІ стагоддзя. Выключнасць яго архітэктуры ў тым, што ніводны з вядомых старажытнарускіх храмаў не меў падобнай канструкцыі: у ім спалучаецца візантыйская крыжова-купальная схема з элементамі раманскай базілікі. З даўніх часоў сабор быў княжацкім магільным склепам, у ім захоўваліся мошчы святых. Яго наведвалі ўсе манархі і члены імператарскай радзіны падчас візітаў у Чарнігаў. На Чарнігава-Северскай зямлі сабор тайна меў статус своеасаблівага грамадска-палітычнага цэнтра. У савецкі перыяд Спаса-Праабражэнскі сабор некалькі разоў забіралі ў рэлігійных абшчын і перадавалі Чарнігаўскаму гістарычнаму музею. Але падчас нацысцкай акупацыі Чарнігава набажэнства ў саборы былі адноўлены. А пасля 1944 года і аж да набыцця Украінай незалежнасці храм зноў быў музеем. У 1992 годзе Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхата арандавала ў дзяржавы сабор на 30 гадоў.
Калі тэрмін арэнды скончыўся і арандатары са скандалам і шкодай пакінулі храм, камісія Мінкульта яго апячатала і вынесла вердыкт: сабор знаходзіцца ў безнадзейным стане. Акрамя глабальнай рэстаўрацыі, патрабавалася глабальнае прыбіранне. Як пасля нядбайных кватарантаў гаспадары выводзяць прусакоў, так неабыякавыя чарнігаўцы машынамі вывозілі смецце з сабора. У канцы чэрвеня гэтага года Спаса-Праабражэнскі сабор быў зноў адкрыты. Але толькі ў якасці музея. У Праваслаўнай царкве Украіны такое рашэнне называюць абсурдам: бо ў храме павінны праводзіцца богаслужэнні. Як пры акупацыі горада нацыстамі ў 1941-43 гадах, так і падчас вайны з сучаснымі рускімі нацыстамі. Бо можна мець мільён перасцярог, увесці пэўныя правілы, улічваць патрабаванні захавання гістарычнай памяткі – і пры гэтым перадаць храм роднай царквы. Але нешта пайшло не так…
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя






