BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Не стала прафесара Міхала Кандрацюка

10 верасня 2025 года прафесар Міхал Кандрацюк памёр ва ўзросце 91 года. Лінгвіст, аўтар шматлікіх кніг, даследчык і эксперт па дыялектах (беларускім, украінскім і балтыйскім), памежных мовах, а таксама паходжанні тапонімаў і прозвішчаў. Міхал Кандрацюк нарадзіўся ў Дубінах каля Гайнаўкі.

Міхал Кандрацюк. Фота Уля Шмулько-Лейзорко.

Ён даследаваў, сярод іншага, паходжанне тапонімаў і прозвішчаў. Ён таксама быў кансультантам па ўвядзенні двухмоўных тапонімаў у нашым рэгіёне (у тым ліку ў гміне Орля). Ён быў доўгі час супрацоўнікам Польскай акадэміі навук, Варшаўскага ўніверсітэта і Беластоцкага ўніверсітэта.

Сярод яго навуковых публікацый: «Матэрыяльная культура беластоцкай вёскі і яе змены ў святле народных дыялектаў 20-га стагоддзя» і «Геаграфічныя і асабістыя назвы Беластоцкага рэгіёна».

Яго імя, як лінгвістычнага аўтарытэта і даследчыка славянскіх і балтыйскіх дыялектаў, згадваецца ў польскіх, беларускіх, украінскіх і літоўскіх энцыклапедыях.

З ім асабіста я быў знаёмы з восені 1982 года, хаця ягоныя навуковыя даследаванні, ведаў раней. Пазнаёміліся на сустрэчы ў Беларускім клубе ў Варшаве на вуліцы Сенатарскай. А мой бацька, будучы на пенсіі, цікавіўся літоўскім, ці шырэй балцкім субстратам у назвах Беласточчыны. Адуль у нас такія назвы як Трывэжа, ці Нетупа. І гаворчы бацьку пра сустрэчу, менавіта і атрымаў заданне спытаць Кандрацюка пра ягоныя навукрвыя працы з гэтай галіны. Не памятаю, ці тады, ці пазней, але прафесар Кандрацюк неяк падарыў мне сваю кніжку, вынік доследаў пра балцкі субстрат у назвах Беласточчыны. Маю яе па сёння.

Пазнейшыя сустрэчы з Міхалам Кандрацюком адбываліся ўжо падчас маей журналісткай дзейнасці. Пераважна навуковыя канферэнцыі з цыкла «Шлях да ўзаемнасці», у якіх ён быў навуковым апекуном. Канферэнцыі ладзілі папераменна, раз у Беластоку, другі ў Гародні, Беларускае Грамадска-Культурнае Таварыства і Саюз Палякаў у Беларусі. Потым, калі было два СПБ, суарганізатарам з беларускага боку быў Гарадзенскі ўніверсітэт. У канцы шлях да ўзаемнасці, які меў наблізіць нашыя народы, дзякуючы палітыкам абапал мяжы, завёў у тупік. Але я на некалькіх з іх быў. Што і мела адлюстраванне ў беларускіх праграмах Радыё Беласток «Пад знакам Пагоні».

Самыя апошнія сустрэчы з прафесарам Кандрацюком мелі месца, тады калі ён супрацоўнічаў з Унівесітэтам у Беластоку і спыняўся на кватэры па вуліцы Сверковай. Назвы мясцовасцяў і іх паходжанне нас журналістаў цікавілі, а таксама і паходжанне прозвішчаў.

Для прыкладу: адкуль хтосьці мае прозвішча Янюк, Янчук, Яновіч, ці Янушэўскі? Вядома, ад імя, але інакш тварылася прозвішча на беларускім этнічным абшары, інакш на польскім. Дарэчы і на гэтыя тэмы прафесар вёў рубрыку ў адной з беластоцкіх штодзёнак, і ў эфіры Радыё Рацыя было шмат пра гэта. У праграмах « Краязнаўчыя кропкі» ці рэпартажах «Збіральнік прозвішчаў».

Апошняя публічная сустрэча з прафесарам Міхалам Кандрацюком мела месца сёлета ў скансэне ў Белавежы. Адкуль і здымак.

Паніхіда адбудзецца ў пятніцу, 19 верасня, а 9:00 раніцы ў праваслаўнай царкве Яна Клімака (Верхняй), вул. Вольская, 138/140 у Варшаве. Пахаванне адбудзецца на мясцовых могілках у сямейнай магіле.

Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя