У Варшаве завяршаецца беларускі фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova. Адным з самых чаканых гасцей на падзеі стаў пісьменнік Саша Філіпенка. Падчас імпрэзы ён, аўтар нашумелага раману “Слон”, сустрэўся з варшаўскай публікай і далучыўся да тэматычнага інтэрактыву Кацярыны Еўдакімавай. Сёння ж Саша Філіпенка стаў Госцем Рацыі і пагутарыў з нашай журналісткай Марынай Савіцкай не толькі пра 4-дзённы івэнт, але пра камунікацыю з беларусамі і творчыя планы.

РР: Пра што звычайна хочаце размаўляць на такіх фэстах? Ці хочацца рабіць акцэнты менавіта на літаратурнай гісторыі, альбо беларускага каларыту даваць?
Саша Філіпенка: Мне, канешне, хочацца больш размаўляць пра літаратуру. І, на жаль, кожны раз ва ўсіх фэстах, дзе выступаеш, і ўсіх імпрэзах, на жаль, мы жывем у такі час, што шмат людзі пытаюцца пра палітыку. І нібыта на літаратуру застаецца не так шмат часу і, мне падаецца, трэба, каб у аўтара была магчымасць яшчэ і пра літаратуру таксама казаць.
РР: Якія цяпер у Вас планы, ці пішаце штосьці?
Саша Філіпенка: Я зараз пішу дзве п’есы. Адну вось амаль скончыў, але мне ўсё не падабаецца. Заўсёды хочаш нешта падкруціць, нешта зрабіць. І пра гэта зараз цяжка казаць, але нібыта падаецца, што новы раман я пачынаю сабе ўяўляць.
РР: Ці можаце зазначыць, пра што?
Саша Філіпенка: Не. Гэта не таму, што я не хачу пра гэта размаўляць, таму што бывае так, што ў цябе ёсць нейкая ідэя, і ты пачынаеш працаваць над ёй, і потым разумееш, што – не. Мы кудысьці не туды зайшлі, і я напэўна буду рабіць нешта іншае.
РР: Сёння тут, на Pradmovе, можна ўбачыць вашыя кніжкі, у тым ліку і кніжку “Слон”. Больш за тое, нават ладзіцца зараз перформанс Каці Еўдакімавай, прысвечаны пошуку гэтых самых “сланоў”. Як вы наогул ставіцеся да таго, што вашыя кнігі набываюць нейкае новае жыццё і пераўтвараюцца ў такі працяг?
Саша Філіпенка: Гэта супер! Я вельмі ўдзячны. Ты разумееш, што нібыта нешта зрабіў, калі гэта цікавіць мастакоў, калі з’яўляюцца пастаноўкі ў тэатры. Гэта першая выстава. Мне вельмі прыемна, што кніжка можа натхніць кагосьці на тое, каб з’явілася такая штукенцыя крутая. І ў гэтым сэнсе я вельмі-вельмі ўдзячны. І гэта вельмі цікава.
РР: Ці аналізавалі Вы, людзі з якіх краін чытаюць вашыя кніжкі? Хто ў лідарах?
Саша Філіпенка: Не ведаю, добра гэта ці не, на жаль, гэта Германія. Таму што зараз там зусім іншыя тыражы. Зараз шмат кніжак прадаецца ў Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі. У нас няма магчымасці зараз прадаваць кніжкі ў Беларусі. Таму мы не можам казаць, колькі людзей насамрэч чытаюць гэтую кніжку. Але фідбэкі адусюль прыходзяць. І гэта вельмі прыемна. Канешне, у Польшчы, мы разумеем, першы наклад кніжкі, калі яна выйшла напэўна паўгода таму, тыдзень не прайшоў, а першы наклад ужо быў прададзены менавіта ў Варшаве.
РР: Дарэчы, так і думала, што ў першую чаргу ў лідарах будуць Польшчы і Літва.
Саша Філіпенка: Польшча, Літва, так. Але “Слон” яшчэ не выйшаў у Германіі, але мы разумеем, калі ён выйдзе ў Германіі, там, канешне, будуць іншыя лічбы.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






