BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Няхай хлопцы ўсе збіраюцца кучай…”

13-га студзеня спаўняецца 155 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта-дэмакрата, фалькларыста і рэвалюцыянера Адама Гурыновіча (1869-1894).

Адам Гурыновіч нарадзіўся ў фальварку Кавалькі на Мядзельшчыне. Скончыў Віленскае рэальнае вучылішча, вучыўся ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, дзе пачаў займацца рэвалюцыйнай дзейнасцю. У1893 годзе ўзначальваў нелегальны «Гурток моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай», за што быў арыштаваны і кінуты ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Аднак праз паўгода быў вызвалены з-за цяжкай хваробы і знаходзіўся пад наглядам паліцыі ў Крыстынопалі (на Віленшчыне), дзе жылі яго бацькі. Памёр ад чорнай воспы, не пабачыўшы ў друку сваіх вершаў.

Паэт-дэмакрат Адам Гурыновіч пражыў кароткае (няпоўных 25 гадоў), але яркае, палымянае жыццё. Ён быў прадаўжальнікам традыцый Францішка Багушэвіча, якога лічыў сваім братам і настаўнікам. У вершы «Да Мацея Бурачка» Адам Гурыновіч не толькі выказвае падзяку дэмакрату («за тое, што ў сэрцы збудзіў» надзею, за словы, «што ўспомнілі звукі нашай роднай мовы»), але і акрэслівае сваё паэтычнае крэда: «будзіць у сэрцах мысль аб лепшай долі, якой мы не зналі дагэтуль ніколі».

Выкрыццю самаўладства, антынароднай сутнасці закліку да барацьбы з ворагамі, да адзінства і згуртаванасці прысвечаны вершы «Што ты спіш, мужычок…» і «Перш душылі паны…» Паэт заклікае сялян прачнуцца, усвядоміць сваю чалавечую годнасць, аглянуцца на свет і ісці змагацца за права гаварыць на роднай мове, за лепшае жыццё:

Няхай хлопцы ўсе
Збіраюцца кучай,
У такім хаўрусе
Станемся мы тучай…
А з той тучы, як гром
Сярод летняй ночы,
Загручыць ўсім паном
Загуба ў вочы!

Паэт быў упэўнены, што жабрацкае, абяздоленае жыццё хутка скончыцца, і ў алегарычным вершы «Бор» выказвае веру ў надыход лепшых часоў.

Адам Гурыновіч увайшоў у беларускую літаратуру як пачынальнік беларускай грамадзянскай лірыкі і дзіцячай паэзіі (вершы «Рыбак», «Каток»), перакладчык твораў Аляксандра Пушкіна, Iвана Крылова, Аляксея Талстога, Адама Міцкевіча, Iвана Франко, збіральнік вуснай паэтычнай народнай творчасці.

Беларускае Радыё Рацыя