BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Нядзельная школка па-беларуску – адзіная ў Грузіі

У грузінскім Батумі аднаўляе працу адзіная беларуская нядзельная школка ў Грузіі. Навучанне ў ёй будзе весціся па-беларуску і ўключаць заняткі па беларускай мове і літаратуры, па гісторыі і геаграфіі Беларусі. Акрамя таго, ў праграме запланаваны курс «Параўнальная міфалогія і мастацтва», прысвечаны супастаўленню культурных традыцый розных народаў.

Нядзельная школка арыентаваная як на дзяцей, так і на дарослых прадстаўнікоў беларускай дыяспары, якія пражываюць у Батумі і наваколлі. Мэта праекта — захаванне беларускай мовы, культуры і ідэнтычнасці за мяжой.

Аксана Акуневіч

Пра дзейнасць нядзельнай школкі, яе праграмы і планы на бліжэйшы час кажа адна са стваральніц школкі Аксана Акуневіч:

– Адметнасць у тым, што два гады таму гэта была частка праекту з фінансаваннем, калі нам выдзяляліся грошы на настаўнікаў, на арэнду памяшкання, на дырэктара, на адміністрацыю. А пасля фінансаванне скончылася. Недзе паўтара года шукалі фінансаванне і не знайшлі. Але відавочна не ўсе могуць сабе дазволіць навучацца ў беларускамоўнай школе, а па-шчырасці, не ўсе хочуць. Лічаць, што лепш вучыцца на расейскай мове. Але цікавасць да беларускай школы назіраецца.

Па словах Аксаны, мэтай аднаўленне працы ёсць тое, што арганізатары хочуць «разварушыць» беларусаў Батумі:

– Мы вось так селі з арганізатарамі школы і спонсарамі, падумалі, што так, школа ў нас у мінус, але магчыма гэта прыцягне людзей. З аднаго боку. А з іншага боку, хочацца зноў стварыць кола беларусаў, якое было вакол «Аксяродку». І магчыма гэта добрая ідэя падцягнуць людзей.

Нагадаем, што нядзельная школка па-беларуску ў Батумі распачне сваю працу ўжо 24 студзеня 2026 году і яе праца будзе адбывацца ў беларускай прасторы «Аксяродак».

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя