“Ноч музеяў” прайшла 17 траўня ў Віленскім Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча. Дрэннае надвор’е ўнесла свае карэктывы ў праграму, таму колькасць рамеснікаў на кірмашы скарацілася да мінімуму, адмяніўся дранік-фэст, але асноўная частка праграмы адбылася.


Як кажа куратарка Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча Паўліна Вітушчанка, сёлета камандзе музея хацелася колераў і яркасці:
– Таму мы збіралі розныя тэматычныя імпрэзы кшталту расповеду пра традыцыйных мастачак, напрыклад, Алену Кіш, размалёўвалі самі вокны ў стылі гэтых маляваных дываноў. Маем танцы, нягледзячы на ўсё нашае надвор’е. Маем маленькі ўтульны кірмашык. Батлейку і варштаты для дарослых і для дзяцей.

Упершыню музей разыграў латарэю лотаў карцін беларускіх мастакоў. Кожны, хто зрабіў данат у 5 еўра ў падтрымку музея, змог у ёй паўдзельнічаць.
Паводле Андрэя Антонава, куратара мастацкіх івентаў і вядоўцы латарэі, было разыграна 10 лотаў і шанец выйграць быў высокі ў кожнага.
– Разыгрываліся творы мастацтва. Гэта ў асноўным творы беларускіх мастакоў, якія аказаліся за мяжою. Такая была логіка – павесяліцца, паглядзець, ці гэты фармат наогул працуе і троху дапамагчы людзям. Думаю, гэта такое два ў адным.
Кожны з тых, хто заданаціў на музей і не выйграў карціну застаўся ўсё адно з прэзентам ад мастакоў, ім на памяць падаравалі мастацкія паштоўкі.
Сама “Ноч музеяў” скончылася выступам Вольгі і Яўгена Барышнікавых і танцамі пад дуду, на якія завіталі беларусы, літоўцы ды іншыя замежныя госці.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
























Беларускае Радыё Рацыя