BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Ноч музеяў – 2025” у Віленскім беларускім музеі імя І. Луцкевіча

Віленскі беларускі музей імя І. Луцкевіча запрашае ўсіх на імпрэзу з нагоды “Ночы музеяў”, пачатак а 13:00. Сёлетняя тэма – “Беларускі маляваны вырай”.

Як кажуць арганізатары: “Калі ў самыя цёмныя часы людзям заставалася толькі надзея, на цёмным фоне, як мары пра светлую будучыню, пачалі распускацца яркія рознакаляровыя кветкі, птушкі, расліны, дзівосныя звяры – тое, што мы бачым на маляваных дыванах і куфрах, паліхромных кашулях і ручніках, у садах нашых бабуль. Мы запрашаем вас у беларускі маляваны вырай! Намалюйце свае самыя яркія мары, і няхай яны спраўдзяцца!”

А 15-й пачынаецца Арт-гутарка з рэжысерам спекталя “Мальовані слова / Маляваныя словы” (паказ фільма з унікальнымі кадрамі з экспедыцыі, якая даследавала жыццё і лёс Алены Кіш і Марыі Прымачэнкі).

А 16-й у вялікай зале музея адкрываецца выстава «Горкія травы».

А 16:30 адбудзецца латарэя працаў беларускіх мастакоў. Можна выйграць 1 з 10 працаў за данат у 5 еўра: https://buymeacoffee.com/luckevichmuseum).

У бібліятэчнай зале з 14:00 будуць ісці майстар-класы: адзін для дарослых, адзін для дзяцей. Дзеці змогуць распісаць сабе падстаўкі пад кубачкі, натхніўшыся маляванымі дыванамі. А дарослыя зробяць сабе шопер з сапраўднай маляванкай. Колькасць месцаў на майстар-класы абмежаная. Патрабуецца рэгістрацыя.

У двары музея запланаваны шэраг актыўнасцей. Так, з 13:00 і да закрыцця мерапрыемства працуе Кірмаш майстроў. Можна прыдбаць сабе цікавыя аўтэнтычныя вырабы ад бранзалетаў з арнаментам і хустак з набіванкай да світшотаў і кніг.

З 15:00 да 17:00 будзе дзейнічаць “дзіцячая паляна”. У праграме: беларуская Батлейка («Лясная жыхарка» і «Дзве зорачкі»), актыўныя гульні, аквагрым, размалёўкі, пазлы, кніжкі, гульні з мячыкамі і балёнікамі. Тут жа можна намаляваць свае мары і ўпрыгожыць імі падворак – створым свой беларускі маляваны вырай!

З 18:00 да 19:00 можна будзе падсілкавацца падчас дранік-фэсту.

Канцэртна-танцавальная праграма пачынаецца а 18-й. Для вас выступаюць Яўген і Вольга Барышнікавы. А з 20-й і да ўпаду вас чакаюць танцы ў музеі!

Вітаюцца госці ў яркай вопратцы.

Болей падрабязныя звесткі па праграме будуць публікавацца ў сацыяльных сетках Віленскага беларускага музея імя І.Луцкевіча і Беларускага Дома ў Вільні: Інстаграм: @lutskevichmuseum, @bielaruskidom.

Паводле прэс-рэлізу