У межах Podlasie SlowFest у галерэі «Нараўка» імя Тамары Саланевіч адбылася сустрэча з пісьменнікам Міхалам Андрасюком. Аўтар распавёў удзельнікам сустрэчы пра сваю новую кнігу-зборнік перакладаў ранніх твораў пад назвай «Żubr i inne opowiadania». Кажа Міхал Андрасюк:
— Крыху выпадкова загаловак узяўся. Ён узяўся з загалоўка апавядання, што ўвайшло ў гэты зборнік. І так перакладнік запрапанаваў „Зубр“, дык я дакінуў яшчэ „і іншыя апавяданні“, каб крыху гэты загаловак разбудаваць. І так выйшла. А зубр — сімвал нашага рэгіёна, нашай пушчы, Гайнаўшчыны.
Важнасць творчасці пісьменніка Міхала Андрасюка адзначылі шматлікія госці прэзентацыі ягонай кнігі:
— Проза Міхася Андрасюка спецыфічная, яна вельмі рэфлексійная, перадае вельмі добра атмасферу Беласточчыны.
— Ён піша ў вельмі цікавым літаратурна-паэтычным стылі.
— Быў цікавы агляд. Дае таксама адказ на тое, якім пісьменнікам ёсць Міхась Андрасюк, як бачыць тут гэтую рэчаіснасць.
— Міхась Андрасюк — вельмі цікавы абсерватар таго, што дзеецца вакол нас.
Пераклад твораў з кнігі Міхала Андрасюка «Żubr i inne opowiadania» з беларускай на польскую мову выканаў Марцін Рэмбач. Сама кніга неўзабаве выйдзе з друку і будзе даступна пры падтрымцы Цэнтра беларускай культуры.
Беларускае Радыё Рацыя