«Перасяленцы ці ўцекачы» гэта загаловак кніжкі, якая днямі выйшла з друку. Апісвае яна лёсы тых беларусаў, якія былі пераселеныя з Польшчы ў Беларусь у гадах 1944-48. З выдаўцом кніжкі, дырэктарам Цэнтра Беларускай Культуры ў Беластоку Анатолем Вапам гутарыць Юрка Ляшчынскі.

РР: Што можна сказаць пра гэтую кніжку, бо падобная кніжка, толькі слова рэпатрыянты ў загалоўку і на беларускай мове, ужо была.
Анатоль Вап: Можна сказаць, што наша кніжка – гэта пераклад кніжкі, якую выдала ў мінулым годзе праграмная рада тыднёвіка “Ніва”. Наша кніжка трохі перарэдагавана, дабавілі мы трошкі больш фотаздымкаў, у іншым графічным апрацаванні. І гэта вельмі важная кніжка. Бо гэта першая кніга ў польскай літаратуры, якая апавядае гэтыя сумныя падзеі ў нашай гісторыі пра прымусовае часта перасяленне беларусаў у Савецкі Саюз, у Беларускую Рэспубліку.
РР: Загаловак крышку іншы, чым беларускага арыгіналу – «Перасяленцы ці ўцекачы».
Анатоль Вап: Так, бо гэта быў дагавор паміж Польшчай і Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай, што будзе гэта дабравольнае перасяленне беларусаў з Польшчы ў Беларусь, а палякаў з Беларусі ў Народную Польшчу. Але не зусім так аказалася. Большая частка тых беларусаў, якія выехалі з Беласточчыны, яны проста ўцякалі перад тэрорам.

РР: У Польшчы ў афіцыйнай літаратуры шмат гаворыцца пра рэпатрыянтаў з-за ўсходняй мяжы, з-за Буга, розныя фільмы ўзнікалі, і рэпатрыянты з цяперашняй Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны і часткова Літвы ў Польшчу, пра гэта гаворыцца. Але гэта быў двухбаковы дагавор, які закранаў і рэпатрыяцыю з Польшчы ў СССР – у Беларусь і Украіну.
Анатоль Вап: У польскай літаратуры няма ніводнай кніжкі, ніводнага артыкула, прысвечанага праблеме перасялення беларусаў Беласточчыны ў Савецкую Беларусь. Час ад часу здараецца дзесьці ў кніжках і гэта нашыя гісторыкі, як Яўген Мірановіч. Але гэта былі адзін-два загалоўкі. Яшчэ ў гэтай кніжцы ёсць гістарычны ўступ прафесара Яўгена Мірановіча, як праходзіла гэтае перасяленне беларусаў Беласточчыны ў Беларусь, як яно выглядала ў сапраўднасці.
РР: Я пра гэта даведаўся, калі быў яшчэ малым. Бо ў Орлю да нас часам прыязджалі і арляне езділі да сваіх сваякоў чамусьці ў Беларусь, у Менск і ў іншыя рэгіёны. “Вызаў” трэба было рабіць. І думалася, адкуль маюцца сваякі дзесьці ў Беларусі? Мае родныя таксама ў Беларусі былі.
Анатоль Вап: Мае бацькі таксама з тых раёнаў Беласточчыны, дзе беларусы ў абсалютнай большасці жылі, у гэтых вёсках амаль не было палякаў. І там адзінкавыя сем’і выязджалі з такіх вёсак. Бо калі мелі гектар ці паўтара зямлі, то вядома, што такая сялянская сям’я не магла пражыць. Яна магла мець надзею, што там будзе лепш. Але ўжо там, дзе было змешанае насельніцтва прольскае і беларускае, там ужо большасць, на жаль, яны проста ўцякалі.

РР: Менавіта ўцякалі, бо было ад чаго ўцякаць. Тут я паглядзеў, з якіх раёнаў Беласточчыны людзі перасяляліся ці выязджалі ў Беларусь. Гэта заходнія часткі Беласточчыны. Ці там былі беларусы ў меншасці, не толькі з бяды, што ў Беларусі будзе лепш, але і са страху.
Анатоль Вап: Тут трэба памятаць, што гэта было пасля вайны, час, калі павялічваюцца злачыннасць, бандытызм, на вёсцы была бяда, суседзі думалі, калі гэтыя паедуць, то для іх будзе зямля. І часта беларусы з Беласточчыны проста баяліся за сваё жыццё, бо былі пагрозы, былі забойствы. І яны проста ўцякалі. І іх нават цяжка назваць перасяленцамі, бо гэта былі сапраўдныя ўцекачы. І ў гэтай рэпарцёрскай аповесці пра гэта гаворыцца, што яны ўцякалі, каб іх не забілі.

РР: Гэта былі гады 1944 – 47. Гаварылася, што ўдзень ўлады намаўлялі добраахвотна выязджаць у Беларусь і ва Украіну, а ўночы прыходзілі лясныя аддзелы ўзброенага падполля і кідалі лозунг “Kacapy do raju!”.
Анатоль Вап: Тут трэба ясна сказаць, што камуністычныя ўлады нават не стараліся, не тое, што не баранілі, але не стараліся бараніць жыхароў беларускіх вёсак, якія былі грамадзянамі Польскай дзяржавы. Можна сказаць, што яны злачынства рабілі разам з гэтымі бандытамі.
Паводле прафесара Яўгена Мірановіча, аўтара ўступу да кніжкі «Перасяленцы ці ўцекачы», у той час выехала з Беласточчыны крыху больш за 30 тысяч беларусаў, з агульнай колькасці 142 тысяч, якія тады пражывалі на Беласточчыне, значыць больш чым пятая частка.
Цалкам гутарка:




Беларускамоўнае выданне кнігі, здзейсненае Праграмнай Радай тыднёвіка “Ніва”
Беларускае Радыё Рацыя






