Пачынаецца прыём заявак на паэтычную прэмію імя Наталлі Арсенневай за найлепшую кнігу паэзіі на беларускай мове. У гэтым годзе будуць уручаны ажно дзве ўзнагароды – за кнігі, выдадзеныя ў 2022 і 2023 гадах.
Падавайцеся на конкурс, калі вашая кніга адпавядае наступным крытэрыям:
– жанр – паэзія;
– кніга выдадзена ў 2022 ці 2023 годзе (калі кніга выдадзена ў 2021 годзе, але з нейкіх прычын не ўдзельнічала ў леташнім конкурсе, яна можа быць заяўлена на ўдзел сёлета);
– мова кнігі – беларуская;
– кніга мусіць быць выдадзена ўпершыню ў папяровым ці электронным выглядзе (выдадзенай упершыню лічыцца кніга, палова і больш зместу якой публікуецца ўпершыню).
Дэдлайн: 5 траўня.
Падрабязней пра ўмовы чытайце на сайце.
Паэтычная прэмія была заснавана ў гонар Наталлі Арсенневай, выдатнай паэткі і зоркі літаратуры Заходняе Беларусі, аўтаркі знакавага верша «Магутны Божа». Арганізацыяй прэміі займаюцца Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.