«Сёлета, распачынаючы новы сезон, мы робім гэта ў дзень памяці Міхала Анемпадыстава, хаця і дагэтуль непамысна гаварыць пра яго ў мінулым часе. Абіраючы сімвалічныя даты для прэміі, мы намагаемся ўшанаваць як асобу і даробак Міхала, так і важную для ягонага жыцця сферу – вокладку беларускай кнігі, што выжывае цяпер насуперак усім абставінам», – распавяла старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай.

Да ўдзелу запрашаюцца беларускія дызайнеры, якія стварылі вокладкі да папяровых кніг, што выйшлі ў 2022 і 2023 годзе і адпавядаюць хаця б аднаму з наступных крытэрыяў:
кніга выдадзена ў беларускім выдавецтве;
напісана беларускім аўтарам;
напісана па-беларуску;
распавядае пра Беларусь ці беларускую культуру.
Ацэньвацца будзе не толькі дызайн і паліграфічнае выкананне вокладкі, але і іх адпаведнасць зместу кнігі. Таму ў журы прэміі ўвойдуць творцы, якія працуюць і з візуальнымі вобразамі, і са словам.
Дэдлайн: 6 лютага. Падаць заяўку.
Прапанаваць кнігу на конкурс могуць самі дызайнеры, пісьменнікі, сябры журы, аргкамітэт прэміі, выдавецтвы і наогул любы чытач.
Прэмію атрымае аўтар або каманда аўтараў вокладкі. Сёлета адбудуцца дзве цырымоніі: вясной будзе абвешчаны пераможца прэміі за кнігі, выдадзеныя ў 2022 годзе; восенню, на фестывалі «Бардаўская восень», абвесцяць найлепшую вокладку кніг, выдадзеных у 2023-м.






