BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пачынальнік нацыянальнай дойлідскай школы

7 ліпеня спаўняецца 155 гадоў з дня нараджэння беларускага нацыянальнага дзеяча, архітэктара, будаўніка, пачынальніка сучаснай нацыянальнай дойлідскай школы, літаратара Лявона Вітан-Дубейкаўскага (1869-1940).

Лявон Вітан-Дубейкаўскі, 1919 г.

Лявон Вітан-Дубейкаўскі нарадзіўся ў Мсціслаўскім павеце ў збяднелай шляхецкай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у Мсціслаўскім гарадскім вучылішчы. Пасля некаторы час працаваў пісарам, аднак зацікавіўся будаўніцтвам і марыў узводзіць храмы. У 17-гадовым узросце юнак паступіў у Школу будаўнічых рамёстваў у Варшаве, навучанне ў якой з-за недахопу сродкаў сумяшчаў з працай на будоўлях. Пасля яе заканчэння вярнуўся на Радзіму і заняўся будаўнічымі і рэстаўрацыйнымі работамі.

Лявон Вітан-Дубейкаўскі з бацькамі, 1904 г.

Ужо з пачатку 1890-х гадоў беларус кіраваў аднаўленнем касцёлаў у Мсціславе, Магілёве, Оршы, Крычаве і ў іншых гарадах. Падчас працы над рэканструкцыяй касцёла ў Смалянах (зараз аграгарадок у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці) пазнаёміўся з вядомым расейскім архітэктарам Даўкшам, які аказаў значнае ўздзеянне на яго далейшую прафесійную дзейнасць. Акрамя архітэктуры ў гэты перыяд зацікавіўся літаратурай на роднай мове: шмат чытаў, збіраў і апрацоўваў беларускі фальклор, напісаў сацыяльна-вострыя творы, скіраваныя супраць царызму, вайны, антыгуманных сацыяльных умоў (байка «Цягне воўк – пацягнуць воўка!» (1892), верш «Бура» (1893) і іншыя).

З 1896 года Лявон Вітан-Дубейкаўскі жыў у Смаленску, дзе кіраваў будаўніцтвам каменнага касцёла. У 1897 годзе ён адкрыў у горадзе будаўнічую кантору «Таварыства Л. Дубейкаўскі і Ко», якая выконвала будаўнічыя, інжынерна-праектныя, бетонныя і рэстаўрацыйныя работы, а праз год – фабрыку жалезабетонных вырабаў, першую ў Паўночна-Заходнім краі. У гэты ж перыяд завяршыў будаўніцтва каменных цэркваў у г. п. Манастыршчына і г. Ярцава, каменнага дома скарбніцы ў г. Вязьма (зараз усе ў Смаленскай вобласці, Расея), будынка гарадской пошты ў Смаленску. У 1903 годзе Лявон Вітан-Дубейкаўскі для павышэння кваліфікацыі паступіў у Санкт-Пецярбургскі інстытут цывільных інжынераў, дзе праз год атрымаў званне інжынера-будаўніка. Пасля рэвалюцыі 1905 года ў Расеі Вітан-Дубейкаўскі прадаў фабрыку і выехаў у Парыж для працягу адукацыі. У 1907–1909 гадах ён вывучаў еўрапейскае дойлідства ў Французскай акадэміі архітэктуры. Атрымаўшы дыплом архітэктара-мастака, некаторы час працаваў у прыватным архітэктурна-будаўнічым бюро, потым стварыў уласную праектную фірму па будаўніцтве прамысловых і жылых дамоў у Варшаве. Па яго праектах тут былі пабудаваны фабрыка братоў Рынгаў і шэраг даходных дамоў.

Лявон Вітан-Дубейкаўскі з сябрам, Варшава, 1914 г.

Значнай працай таксама стала стварэнне праекта прыватнага дварцовага ансамбля ў стылі еўрапейскага мадэрну. Адначасова ў перыяд 1912–1915 гадоў архітэктар выкладаў будаўніцтва ў Варшаўскай сярэдняй прамыслова-тэхнічнай школе інжынера Пятроўскага. Пасля Першай сусветнай вайны Лявон Вітан-Дубейкаўскі некаторы час жыў у Расеі, потым вярнуўся ў Беларусь. Удзельнічаў у беларускім нацыянальна-культурным руху, садзейнічаў дзейнасці клуба «Беларуская хатка», чытаў папулярныя лекцыі па будаўніцтве на беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні і Гародні, клапаціўся аб дзіцячых прытулках.

Прадстаўнікі дыпламатычных місій БНР у часе Усебеларускай палітычнай канферэнцыі. Прага, 1921 г. Стаіць крайні злева Лявон Вітан-Дубейкаўскі

З 1922 года Лявон Вітан-Дубейкаўскі працаваў у Вільні, вёў прыватную архітэктурную практыку. Сярод праектаў гэтага перыяду: Відзаўская Успенская царква (1922) і Дрысвяцкі Петрапаўлаўскі касцёл (1924) у Віцебскай вобласці. Кіраваў таксама перабудовай факультэта мастацтваў Вiленскага ўнiверсітэта, пабудаваў шэраг прыватных дамоў і ўласную сядзiбу ў Вiльнi, рэстаўраваў манастыры бернардзінцаў і францысканцаў. Як архітэктар вылучаўся сваім новым метадам апрацоўкі дрэва і арыгінальнымі драўлянымі пабудовамі: комплекс лясніцтва ў Шумску (зараз Украіна), сядзіба падляснічага ў Кене (каля Вільні), дача Сталыгваў у Ажарове (каля Варшавы) і іншыя.

У 1925 годзе архітэктар заснаваў і ўзначаліў у Вільні мулярскую школу, у якой вялася падрыхтоўка будаўнікоў-муляраў і цесляроў. Праявіў сябе як кваліфікаваны і таленавіты педагог, умелы адміністратар. Каб зарабляць грошы для падтрымкі школы і навучэнцаў ён разам са сваімі выхаванцамі выконваў заказы на будаўніцтва гандлёвых складоў, майстэрняў, храмаў і іншых пабудоў. Такім чынам у 1927–1929 гадах быў пабудаваны драўляны касцёл у мястэчку Дрысвяты (зараз вёска ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці). Шмат часу архітэктар прысвяціў грамадскай дзейнасці: быў старшынём парафіяльнай рады касцёла Святога Мікалая ў Вільні, супрацоўнічаў з Беларускім інстытутам гаспадаркі і культуры, дапамагаў у выданні газеты «Беларускі фронт» і г.д.

Кніжка пра Лявона Вітан-Дубейкаўскага

У 1934–1938 гадах Лявон Вітан-Дубейкаўскі кіраваў аднаўленнем Марыянскага манастыра ў Друі (зараз аграгарадок у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці). У 1940 годзе напісаў працу «Эвалюцыя і рэформа драўлянага будаўніцтва» (засталася ў рукапісе), у якой спрабаваў распрацаваць тэорыю беларускага нацыянальнага дойлідства. Асабістыя дакументы Лявона Вітан-Дубейкаўскага, у тым ліку рукапісы твораў, захоўваюцца зараз у архівах Менска, Вільні і Нью-Ёрка.

Магіла Лявона Вітан-Дубейкаўскага на Росах у Вільні

Беларускае Радыё Рацыя