У суботу 7 снежня ў мястэчку Агроднічкі пад Беластокам адбудуцца другія беларускія этнаварштаты.
Кажа арганізатарка, прадстаўніца Аб’яднання на карысць дзяцей і моладзі “АБ-БА” ў Беластоку Ілона Карпюк:
– Там правядзем спачатку майстар-класы па выцінанцы. Гэта, думаю, вельмі цікава і важна, паколькі на гэтым тыдні беларускую выцінанку ўключылі ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Пасля будзем гуляць у мотанкі. І, вядома, пасля далучаемся да супольных спеваў, ужо калядных. У канцы будзе супольнае вогнішча. Вельмі адкрытыя на ўсіх, хто зможа далучыцца да нас. Запрашаем!
Мерапрыпрыемства адбудзецца ў святліцы пажарных-добраахвотнікаў (вул. Беластоцкая, 59) і пачнецца а 14:00. Завяршэнне запланавана на 18:00.
Цалкам размова:
* * *
7 снежня 2024 года ў мястэчку Агроднічкі пад Беластокам адбудуцца другія беларускія этнаварштаты. Імпрэза адбудзецца ў святліцы пажарнікаў-добраахвотнікаў (вул. Беластоцкая, 59) і пачнецца а 14:00. Завяршэнне запланавана на 18:00.
Што ў праграме?
- Майстар-класы па выцінанцы, зімовыя і калядныя гульні ад Марыі Грыц.
- Стварэнне лялек-мотанак – традыцыйных абярэгаў і сімвалаў навагодніх жаданняў – павядзе Таццяны Савіч.
- Фальклорная забава ад Студыі фальклору аб’яднання “АБ-БА”, дзе Аксана Галамбоўская і Марыя Грыц навучаць народным песням і гульням.
- Вогнішча з традыцыйнымі каўбаскамі ці печаным хлебам. Удзельнікі могуць таксама прынесці ўласныя прысмакі і цёплы напой.
Як прыняць удзел?
Для ўдзелу трэба зарэгістравацца, даслаўшы заяўку на [email protected] ці звязаўшыся з арганізатарамі – Уляй Іванюк або Ілонкай Карпюк. Абавязкова ўкажыце колькасць удзельнікаў, каб арганізатары маглі падрыхтаваць неабходныя матэрыялы.
Арганізатар: аб’яднанне “АБ-БА”.
Фінансаванне: з бюджэту Падляскага ваяводства.
Беларускае Радыё Рацыя