BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Паэт, які прасіў абняць яго палямі

І сказаць,
што я на бездарожжы,
не вытрыманы
і з дрэнным ухілам —
гэта толькі
той можа,
хто зрабіў Беларусь
з курганоў
і магілаў.

Гэтыя радкі былі напісаны беларускім паэтам Паўлюком Шукайлам (1904-1939), якому 31 снежня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзіўся Паўлюк Шукайла ў 1904 годзе ў вёсцы Малая Лапеніца Ваўкавыскага павета (цяпер Бераставіцкі раён) у беднай сялянскай сям’і. У першай палове 1920-х гадоў ён удзельнічаў у падпольным рэвалюцыйным руху ў Заходняй Беларусі, прыкладна ў 1923 годзе стаў членам КПЗБ. У канцы 1924 года (пачатку 1925) перайшоў польска-савецкую мяжу.

У 1925 годзе юнак апынуўся у Слуцку, дзе стварыў філіял літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, быў рэдактарам акруговай газеты, спрыяў выпуску літаратурнага альманаха. Потым пераехаў у г. Расоны, дзе працаваў сакратаром райкама партыі, удзельнічаў у працы Полацкага філіяла “Маладняка”. Адначасова з’яўляўся старшынём камісіі па праверцы ходу беларусізацыі ў раёне.

У 1926 годзе Паўлюк Шукайла прыехаў у Менск, паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ. Увосень 1927 года ён стаў ініцыятарам стварэння новага літаратурнага аб’яднання “Беларуская літаратурна-мастацкая камуна” (існавала да вясны 1928 года). У крытычных артыкулах быў досыць непрымірымы да сваіх літаратурных апанентаў, крытыкаваў за недастатковы бальшавізм паэзію Анатоля Вольнага, Алеся Дудара, Уладзіміра Жылку, Тодара Кляшторнага, Валерыя Маракова, Язэпа Пушчу, Паўлюка Труса і іншых.

На фота: Сцяпан Сямашка, Паўлюк Шукайла, Пятрусь Броўка, Ян Скрыган. 1927 г.

У 1928 годзе Паўлюк Шукайла быў адкамандзіраваны на вучобу ў Камуністычную акадэмію ў Маскве. У 1930 годзе скончыў пры ёй Інстытут чырвонай прафесуры. У гэтым жа годзе выйшла яго першая і адзіная кніга паэзіі — “Акрываўленая зямля”, у якую ўвайшлі вершы і дзве паэмы:

Абнімеце
Мяне вы
Палямі,
Сенажаць
Падсьцялеце пад бок.
Рэчкі бурнаю хваляй
З сэрца
Зганеце жах.

Ўскалыхнеце,
Як жыта калышацца,
Сілу,
Што ў жылах хаваецца.
Сокам
Слуцкай калініцы
Хай і далей
Награваецца…

У верасні 1930 годзе Паўлюка арыштавалі АДПУ СССР па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. Яму ўдалося адвесці ад сябе абвінавачанні, праз месяц справа была спынена.

У 1930—1931 гадах Паўлюк Шукайла працаваў паліткарэктарам у Галоўліце СССР, загадчыкам кафедры метадалогіі мастацтва ў Інстытуце кінематаграфіі. Да 1931 года быў кіраўніком Беларускай секцыі Маскоўскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў, рэдактарам маскоўскай газеты “Кино”, дырэктарам Цэнтральнага тэхнікума тэатральнага мастацтва. З 1932 года жыў у Ленінградзе, стаў прафесарам і віцэ-прэзідэнтам Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

У 1935 годзе адбыўся паўторны арышт, пасля якога Паўлюк Шукайла развёўся з жонкай, пакінуў сям’ю. З гэтага моманту ён не меў сталага месца жыхарства, верагодна хаваючыся ад органаў. З 1936 года ён працаваў у Маскве пісьменнікам-сцэнарыстам на фабрыцы “Міжрабпамфільм”.

На фота: Паўлюк Шукайла з жонкай

1 лістапада 1938 года зноў арыштаваны ў Маскве. Абвінавачваўся ў здзяйсненні контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай дзейнасці. Вінаватым сябе не прызнаў. 13 красавіка 1939 года Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, уноч на 14 красавіка 1939 года расстраляны на палігоне Камунарка Маскоўскай вобласці. Рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 14 красавіка 1959 года.

На фота: Адзіны зборнік вершаў Паўлюка Шукайлы, 1930 г.

Беларускае Радыё Рацыя