BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Паэт з жаўруковым прозвішчам

У 1938 годзе паэт напісаў цудоўны верш “Сланечнік”:

Мінаюць дні шыхтом бясконцым.
Заўжды пад небам маладым
Табе – маім быць ясным сонцам,
А мне – сланечнікам тваім.

Куды ні пойдзеш, дзе ні звернеш,
У спёку ці пасля дажджу,
Як той сланечнік, сонцу верны,
Я моўчкі ўслед табе гляджу.

Алесь Жаўрук
Алесь Жаўрук

Аўтарам гэтых радкоў з’яўляецца паэт Алесь Жаўрук (1910-1942), якому 19 жніўня споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзіўся Алесь Жаўрук у горадзе Сянно Віцебскай вобласці ў сям’і служачага. У хуткім часе сям’я пераехала ў Рагачоў Гомельскай вобласці, дзе прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады будучага паэта. Ужо з дзяцінства Алесь пачаў цікавіцца літаратурай. Падчас вучобы ў школе ён выступаў з чытаннямі на творчых вечарах, пісаў вершы для вучнёўскай насценгазеты, выдаваў рукапісны часопіс з вершамі, кароткімі апавяданнямі, замалёўкамі з жыцця класа і горада. Разам з сябрам, будучым вядомым беларускім паэтам Аляксеям Зарыцкім, выпускаў гумарыстычную газету «Смех і слёзы». Упершыню творы Алеся Жаўрука былі надрукаваны ў 1926 годзе ў бабруйскай акруговай газеце «Камуніст», потым з’явіліся ў яе літаратурным дадатку «Вясна» і абласной газеце «Магілёўскі селянін».

Алесь Жаўрук злева з сябрамі, 1931 г.
Алесь Жаўрук злева з сябрамі, 1931 г.

 У 1927 годзе юнак паступіў у Рагачоўскі педагагічны тэхнікум, пасля заканчэння якога настаўнічаў у саўгасе «Сосны» Любанскага раёна. У 1934–1938 гадах ён вучыўся на літаратурным факультэце Маскоўскага інстытута гісторыі, філасофіі і літаратуры імя Чарнышэўскага. У гэты перыяд плённа працаваў, стаў сябрам Саюза пісьменнікаў БССР (1937). Асноўныя тэмы яго паэзіі былі – дружба, любоў, родны край, адданасць Радзіме. З друку выйшлі зборнікі вершаў «Ручаіны» (1936) і «Дняпро выходзіць з берагоў» (1938). Найбольш значны твор Алеся Жаўрука – паэма «Крывёю сэрца» (1937), прысвечаная грамадзянскай вайне ў Іспаніі. Разам з Андрэем Ушаковым напісаў паэмы для дзяцей «Пра майго таварыша» і «Пра слаўных папанінцаў нашага дзетсада» (1939), лібрэта першай беларускай аперэты «Зарэчны барок» (пастаўлена ў 1940 г.).

Пасля заканчэння інстытута Алесь Жаўрук паступіў у аспірантуру пры Акадэміі навук БССР, аднак у хуткім часе быў прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў ваенным карэспандэнтам армейскай газеты «В бой за Родину». З пачаткам вайны паэт апынуўся на фронце. Працаваў у рэдакцыі газеты 62-й арміі «На защиту Родины», удзельнічаў у абароне Сталінграда. У перапынках паміж баямі пісаў вершы, асноўнымі тэмамі якіх былі барацьба з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, помста ворагам, любоў да роднай зямлі і вера ў перамогу. У жніўні 1942 года ў час бамбёжкі Сталінграда Алесь Жаўрук быў цяжка паранены і праз некаторы час загінуў пры эвакуацыі шпіталя.

У пасляваенныя гады былі надрукаваны зборнікі паэта «Пра майго катка» (вершы для дзяцей, напісаныя сумесна з Андрэем Ушаковым, 1950), «Выбранае» (1960), «Крывёю сэрца» (1987). У 1964 годзе Менскай тэлестудыяй быў зняты фільм пра Алеся Жаўрука. Яго імем названы вуліцы ў Сянно і Рагачове.

Алесь Жаўрук з жонкай
Алесь Жаўрук з жонкай

Беларускае Радыё Рацыя