BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Паэтка Ганна Комар выдала кнігу прозы «Калі я выйду на волю»

Кніга дакументальнай прозы «Калі я выйду на волю» апісвае дзевяць дзён, якія Ганна Комар прабыла ў зняволенні ў 2020-м. Гісторыя раскрываецца праз дзённікавыя запісы самой аўтаркі і аповеды тых, хто зазналі міліцэйскі гвалт, арышт і зняволенне ў той самы час, і блізкіх людзей, якія падтрымлівалі ў тыя дні.

У гэтай кнізе чытач, верагодна, пазнаеце сябе, нават калі не распавядалі аўтарцы сваю гісторыю. У кнізе шмат падтрымкі і салідарнасці, у ёй цеплыня і гумар.

«Гэта кніга — напамін пра найлепшых нас, смелых і аб’яднаных высокімі ідэямі. Мы такімі былі — і мы такімі застаёмся», — піша Комар у эпілогу.

У кнігі — незвычайны дызайн. Гісторыі, расказаныя іншымі, перададзеныя амаль без знакаў прыпынку, а на месцы паўз — доўгія прабелы, якія перадаюць асаблівасці маўлення і глыбокі эмацыйны досвед. Паколькі тэкст насычаны інтэнсіўнымі і перажываннямі, дызайн кнігі стварае шмат паветра, каб чытач ці чытачка пачуваліся вольна, каб даць адчуванне бяспекі і клопату. 

Мовы кнігі — беларуская і руская (з рэдкімі англамоўнымі ўстаўкамі), бо гэта не толькі мастацкі твор, але і дакумент свайго часу.

Дзякуючы падтрымцы Еўрапейскага Звяза ў межах праекта EU4Culture усе сродкі ад продажу будуць накіраваныя на дапамогу рэпрэсаваным людзям з Беларусі. 

Прэзентацыі кнігі з удзелам аўтаркі і дызайнеркі пройдуць у Варшаве (12 сакавіка, 19:00, Free Belarus), Беластоку (14 сакавіка, 18:30, хаб «Новая зямля») і Вільні (16 сакавіка, 16:30, Віленскі беларускі музей імя І. Луцкевіча). У пачатку красавіка кнігу можна будзе набыць (ці забраць замоўлены асобнік) у Грузіі. Па пытаннях замовы ў іншыя краіны можна пісаць на скрыню [email protected].

Замовіць кнігу можна тут https://ko-fi.com/navoliu

Выданне кнігі стала магчымым дзякуючы фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Звяза ў межах праекта EU4Culture. Адказнасць за яго змест нясе Ганна Комар. Змест выдання не абавязкова адлюстроўвае погляды Еўрапейскага Звяза.

Беларускае Радыё Рацыя