
У Віцебску ва ўзросце 86 гадоў памёр грамадскі дзеяч Іосіф Навумчык. Пра смерць аднаго з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы ў сацсетках паведаміў ягоны сын журналіст Сяргей Навумчык.
Настаўнік паводле адукацыі, Іосіф Навумчык да сярэдзіны 1980-х зрабіў паспяховую кар’еру ў кіроўнай Камуністычнай партыі Беларусі: на пасадзе сакратара Віцебскага абкаму КПБ быў куратарам ідэалогіі і сацыяльнай сфэры.
Іосіф Навумчык дапамагаў пастаноўцы ў 70-я гады на сцэне коласаўскага тэатру п’есаў Караткевіча «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі».
Падчас перабудовы стаў адным з заснавальнікам Таварыства беларускай мовы, віцебскую філію якога ўзначальваў два дзесяцігоддзі. За гэты час стварыў разгалінаваную сетку рэгіянальных арганізацый ТБМ на Віцебшчыне.
Беларускае Радыё Рацыя