Памаленьку – значыць «Podlasie. SLOW FEST» у Нараўцы (3)
Такім чынам Анатоль Сыс даплыў і 13 ліпеня ў суботу ўжо на змярканні, ці за дапамогай месячыка-сярпа, ці рэчкай; а мо конь прынёс над пушчамі і межамі залатога ездака беларускай літаратуры ў нашу падляшскую Нараўку, каб услухацца менавіта ў словы і музыку ягонага паэтычнага «Пана Леса» ў беларускай і польскай інтэрпрэтацыі…
Анатоль Сыс у рэдакцыі “Нівы” (фота архіў “Нівы”)
Без эстэтыкі краявіду не будзе ігармоніі
Праўда, што інтрыгуючае першае слова з музычна-паэтычнага маніфеста, які быў анонсам, таго, што мела здарыцца ў суботу вечарам 13 ліпеня ў Нараўцы ў амфітэатры, распаложаным на берагу аднайменнай ракі ў цяні векавых дрэў, пасярод зборышча скульптур паганскіх багоў, збітых занадта ў адным месцы, быццам тыя селядцы ў бочцы, памятаючых часы жыдоў з Нараўкі, што гандлявалі тымі селядцамі, смак якіх ператрываў у народных расказах аж па сённяшні дзень. Яны глядзеліся там не як магутныя ўладары волі, прасторы, сваёй бязмежнай моцы і свабоды, а быццам бы палонныя няшчаснікі, што апынуліся ў нейкай няволі. Да гэтага ўявіце сабе там на беразе драўляную выяву кракадзіла, які быццам той пудзіла мае, хіба, страшыць дзяцей і даваць поле для адвагі дарослым наведвальнікам спартыўна-культурнага ландшафту, каб дзеля фота класці свае галовы ў пашчу афрыканскай гадзюкі. Відаць, аматары і фанаты аўстралійскай камедыі 1986 года «Кракадзіл Дандзі» (Krokodyl Dundee), і яе чарговых серый не звяліся сярод аўтараў канцэпцыі добраўпарадкавання гэтай тэрыторыі. Ну бо ж кракадзіл там так пасуе да мясцовага прыродна-культурнага ландшафту, як той кулак да носа. Такую гадзюку ўвесці ў выстаўлены там пантэон нашых паганскіх багоў, то і смех, і грэх. І на дадатак нейкі прывід бліжэй неакрэсленага карабля, быццам таго лятучага галандца, які неспадзявана прызямліўся над берагам Нараўкі (мо ён прыхапіў над Нілам гэтага кракадзіла і вырашыў падарыць нараўчанам, не ведаючы напэўна, што тут гэта шчупакі, акуні, карасі, плоткі, ліні і іншыя рыбы вартыя памяці скульптараў), натуральна дадае гэтаму месцу проста элементы кічаватага сюррэалізму. Але ўсё можна з толкам хутка выправіць, каб не каралявала тут толькі выключна прынцыповая таўканіца…
Гэтае апісанне архітэктуры краявіду і нанесенага тым міш-машам проста ўрону для эстэтычнага ўспрыняцця сілы моцы прыроды і яе духу самой пушчанскай мясцовасці і пражываючых там людзей, не дазваляе любавацца менавіта той гармоніяй, існуючай ад тысячагоддзяў у такіх куточках Белавежскай пушчы. Было гэта сапраўды для мяне той першай, непрыемнай візуалізацыяй, якая негатыўна фармуе вобраз так важнай, жывой і патрэбнай усім культурнай прасторы амфітэатра, якая запаўняецца ў час шматлікіх канцэртаў выканаўцамі, гасцямі і публікай не толькі з Гайнаўскага, павета, усёй Польшчы, але і бліжэйшага і далейшага замежжа, не толькі ўжо выключна еўрапейскага кшталту.
Варта нам, чытачам і ўдзельнікам, памятаць, што калі б не фінансавая і сутнасная ангажаванасць войта Нараўчанскай гміны Яраслава Галубоўскага, дырэкцыі і працаўнікоў Гміннага асяродка культуры і яго ўстаноў, старасты Гайнаўскага павета Андрэя Скепкі (дарэчы таксама ўраджэнца Нараўчанскай гміны) і Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, то фестываль «Podlasie. SLOW FEST» у Нараўцы не быў бы так моцным, інтэлектуальным выклікам дзеля адчування той так патрэбнай усім нам ідэі гармоніі чалавецтва, прыроды, музыкі, слова, вобразу і духу, і адвечнай сакральнасці. Спадзяюся, што памаленьку і паціхеньку ў наступных гадах гэтае фестывальнае дзеянне працягнецца і разгорнецца, каб стаць яднаючым фактарам жыхароў гэтай зямлі з бязмежнай, сусветнай, культурнай прасторай прыгажосці, нашай прысутнасці ў яе духоўных аспектах, быць натуральнай візітнай картачкай жыццяздольнасці і крэатыўнасці людзей, што хочуць застацца проста толькі людзьмі на гэтай зямлі.
Нас яднаюць Беласточчына і Беларусь
«… Пан Лес — беларуска-польскі мастацкі эксперымент на мяжы музыкі і паэзіі. Уключае ў сябе электроніку, палявыя запісы, арыгінальныя гукавыя аб’екты і голас. Новая прэзентацыя вершаў Анатоля Сыса — беларускага класіка пратэсту і бунтарства. Сыс, які памёр у 2005 годзе ва ўзросце 46 гадоў, пакінуў пасля сябе тры тамы вершаў, якія сталі голасам пакалення беларускай трансфармацыі. Самы знакаміты з іх, «Пан Лес», расцягнуты паміж карэнным язычніцкім і патрыятычным закараненнем у беларускасці і трагічнай самотай паэта…».
Юрка Асеннік і Марк Отвіноўскі (фота Яўген Вапа)
Так ад сябе душэўна пішуць беларуска-польскія рэалізатары і выдаўцы праекта «Пан Лес», якія маюць надзею поўнасцю прадставіць яго нам — чытачам, слухачам і гледачам у канцы гэтага года. Менавіта ў наступным 2025 годзе мінае ўжо роўна дваццаць гадоў, калі не стала нашага Толіка, бо так яго называлі родныя, знаёмыя і сябры паэта. Будзе гэта па-мойму самы лепшы і трывалы спосаб ушанавання намі, беларусамі і палякамі, тут з Польшчы ў новай высакаякаснай інтэрпрэтацыі хрэстаматыйна-беларускай і заадно сусветна-ўніверсальнай яго паэтычнай велічыні. Анатоль Сыс вельмі моцны ў творчым і інтэлектуальным плане, што вынікае з ягонага ліставання з Алесем Бяляцкім і Эдуардам Акуліным — сябрамі па гісторыка-філалагічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, на якім вучыўся ў 1977-1982 гадах, калі пасля яго заканчэння апынуўся на два гады (1982-1984) у арміі ў Польшчы, дзе ў Легніцы служыў сувязістам. Менавіта ягонае чытанне і пісанне было часта мацней за ўсялякія парадкі, вынікаючыя з характару службы ў вайсковай часці. Таму «польскі след» у творчасці Анатоля адзін з важных фактараў яго станаўлення і працы над самім сабой у развіцці ўласнага літаратурнага працэсу.
Тут таксама трэба вельмі выразна падкрэсліць, што адораны прыродна-божым талентам паэт вельмі любіў беларусаў Беласточчыны — з узаемнасцю. Выдадзены ў 1989 годзе ягоны зборнік «Пан Лес» быў для нас прарывам свабоды душы, аўтэнтычнасці, паэтычнай свежасці і смеласці. Менавіта тады мы пачалі пра сябе ўзаемна ведаць і знаёміцца. Асабіста ўдалося нам сустрэцца 1 чэрвеня 1989 года ў мінскім бары ў сядзібе Саюза беларускіх пісьменнікаў, што ўвекавечана адмысловым прысвячэннем: «… 1 чэрвеня, 1989 г. Менск Бар СП БНР» — менавіта Бар Саюза Пісьменнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Па сённяшні дзень гэта той адзін з найлепшых выклікаў, што можа быць і за сённяшнім часам. Пакуль, на жаль, надалей у сферы мрояў, бо няма незалежнай беларускай дзяржавы, структуры БНР прызнаны экстрэмісцкімі, а сам Саюз распушчаны, а яшчэ раней забраная і ягоная маёмасць у цэнтры горада. Але калі спяваюць старыя, беларускія рокеры, што «ён яшчэ вернецца», то і не трэба на гэта мірыцца.
Анатоль Сыс прыязджаў на Беласточчыну і ў час «Басовішча» пад стройнымі і магутнымі соснамі любіў праводзіць і дзень, і ноч у адным месцы, не надта ахвотна хацеў перасяляцца ў іншыя месцы. Памятаю дакладна, калі аднойчы, едучы на машыне ў Гарадок на наш фестываль па трасе з Бельска-Падляшскага праз Міхалова ён змоўк, глядзеў у акно і проста нешта з сабою абмяркоўваў. Аказалася, што ён з вялікай занятасцю лічыў колькі мы мінулі бусліных гнёздаў і саміх буслоў колькі ўбачыў у гнёздах, лятучых, на лугах і палях. «Ну, ёсць іх у вас тут многа, але ў мяне на Палессі іх больш», — з задавальненнем падвёў вынік назіранняў. Не абмінаў рэдакцыі «Нівы», а людзі тыднёвіка пабывалі ў яго ў Мінску не толькі каб паслухаць яго, але добрым словам і чым можна было ўспамагчы генія ў розных, крызісных сітуацыях. Там паэтычная моц выяўлялася нярэдка агрэсіўнай і непрадбачлівай імпульсіўнасцю фізічнай зацятасці кулакоў. Потым ужо толькі засталіся нам… паломніцтвы на літаратурныя памінкі і могілкі ў родным Гарошкаве. Такую вандроўку-паломніцтва Ганны Кандрацюк і Міры Лукшы слядамі духа і месцаў Толіка ў метафізічнымі настроі ад убачанага апісала па-майстэрску сама Ганна Кандрацюк у выдадзенай «Нівай» у 2010 годзе кніжцы «Дзядоўскае турнэ з Анатолем С.». Для ўсіх аматараў ягонай творчасці і жыцця рэпарцёрская вандроўка таксама запісаным словам павінна апынуцца ў спіску іхніх чытанняў.
Мы добра памятаем і цэнім ролю паэта для думання па-беларуску ва ўсіх жыццёва-паэтычных праявах. Быццам той агмень, як аднайменны першы зборнік ў бібліятэчцы выдавецтва «Маладосць», запаліў ён паходню, што абагрэла і паказала некалькітысячагадовае міфалагічнае беларускае думанне ў вечнасці мінулага і сіле яго для самой будучыні нацыі. Адзін з важных элементаў, крыніц і асноў нашага генетычнага коду і праўды народу адрадзіўся дзякуючы яму з тых усіх папялішчаў. Але цана мусіла быць высокай за ідэі, што ізноў залуналі і запаланілі іншых. Трэба было згарэць, самаспаліцца, скласці сябе на вясковых могілках у родным Гарошкаве, на беразе Дняпра, адкуль па зорным небасхіле, месяцы, чоўне сплеценым са святла плыве па нябесных, паветраных, водных шляхах і месцах, у якіх захацелася зрабіць на момант сваё прыстанішча.
Такім чынам Анатоль Сыс даплыў і 13 ліпеня ў суботу ўжо на змярканні, ці за дапамогай месячыка-сярпа, ці рэчкай; а мо конь прынёс над пушчамі і межамі залатога ездака беларускай літаратуры ў нашу падляшскую Нараўку, каб услухацца менавіта ў словы і музыку ягонага паэтычнага «Пана Леса» ў беларускай і польскай інтэрпрэтацыі Юркі Асенніка (Сенькі), Марка Отвіноўскага (Maot), Сяргея Краўчанкі (Sk.Ein), які не мог асабіста выступіць у канцэртнай, прэм’ернай праграме, Ілоны Карпюк. Ды таксама ў прысутнасці можна так мовіць менеджара, выдаўца, інвестара і прамотара мастацтва з польска-беларускага культурнага вымярэння Дарыяна Младзяноўскага, што адмыслова стварыў дзеля гэтага сваю мастацка-выдавецкую ініцыятыву „Komat”. Маці Юркі Асенніка родам з Баброўнік, што апынуліся на самой польска-беларускай мяжы, а суседняя вёска па народным званні гэта таксама… Коматаўцы. А сам Комат (Кумат) — гэта легендарны правадыр яцвягаў; магчыма полаўцаў, які загінаў у пачатку 1264 года ў бітве з польскімі войскамі кракаўскага князя Баляслава V Сарамлівага не абы-дзе, толькі пад падляшскім Браньскам. Дык можа там у Коматаўцах пасяліліся парэшткі разбітых яцвягаў пад Бранскам у вяртанні на свае землі?
Графарэты Юркі Асенніка
Творчы поспех культурнай еднасці
— Ой, я ніколі асабіста не пазнаёміўся з Толікам Сысом, — падкрэслівае ў размове Юрка Асеннік. — Можа то добра для нас у асабістым плане. Ягоныя тэксты пачуў я ў выкананні пад гітару гомельскай паэтэсы і бардэсы Вольгі Цярэшчанкі яшчэ на першых «Басовішчах». Потым Кася Камоцкая падарыла мне ягоны зборнік «Пан Лес». У сваім гурце «0-85» выконваў я дзве песні на ягоныя словы. Потым, здаецца, 15 гадоў, або і больш, не было ў мяне ані часу, ані атласу, каб на поўным сур’ёзе нанова заняцца Сысавым словам. І менавіта год таму, калі ўдалося нам супольна з Маркам Отвіноўскім «Маотам» завяршыць працу над мініяцюрамі Сакрата Яновіча, вырашыў я сур’ёзна заняцца выклікам новай, аўтарскай аранжыроўкі слова і музыкі да вершаў са зборніка «Пан Лес». У сакавіку мінулага года, распачаў я цыкл графарэтаў з Анатолем Сысом на пустуючых і разбураючхся часамі ўжо дамах у Беластоку. Потым сысаўскія графіці з’явілася на будынках у Бельску, Гайнаўцы, Белавежы, Нараўцы. На жаль у гэтай апошняй проста іх замалявалі…
Графарэты Юркі Асенніка
Графарэты Юркі Асенніка
З Маркам мы знаёмыя ўжо гадоў дваццаць і супраца з ім, палякам, які ў сваім родным Вроцлаве захапіўся менавіта ўкраінскім і беларускім словамі і такімі ж культурамі, для нас гэта вельмі важная і карысная справа. Ён жа сам чалавек рэнесансу — чалавек-установа. Музыка, мастак, графік, тэатральны эксперыментатар, рэжысёр, перакладчык. Менавіта пачутыя ў час канцэрта ў Нараўцы польскія пераклады Анатоля Сыса гэта ўсё літаратурна-культуралагічны выклік майго вроцлаўскага сябры, — дапаўняе Юрка. — Сам Марак Отвіноўскі гэта неаднаразовы стыпендыят прэзідэнта горад Вроцлава для рэалізацыі сваіх творчых ініцыятыў.
Вроцлаўскі культурны вандроўнік не раз і не два гасцяваў у нас на Падляшшы, якое стала яму па відавочных эфектах працы блізкім, родным і творчым месцам, дзе задуманыя ідэі Сысаўскіх новых гукаў слова і музыкі ажыцяўляліся надзвычай спраўна на дзедавай сядзібе Юркі па бацькоўскай лініі, што ў Парцаве побач Бельска-Падляшскага. Там падляшскі Юрка, вроцлаўскі Марак і яшчэ не менш важны мінскі Сяргей Краўцоў — кампазітар, архітэктар, паэт, перкусіяніст, пасіянат пошуку новага гучання гукаў, удзельнік культавага гурта «Port Mone» — знайшлі супольную мову і натхненне ў вечна жывым сысаўскім паэтычным лесе і беларускім лёсе. У Парцаве ўзніклі таксама адзіныя і непаўторныя інструменты, што былі скарыстаны дзеля гэтага праекта і гучання ў час канцэрта. Глядзяцца яны цікава ў сваіх кшталтах і назвах — дарэчы ў аднаго з іх мянушка «кракадзіл», а іншага «гвоздзідом». Самае галоўнае, што чутны эфект іхняй працы ў кожным элеменце проста пакарае чалавека моцай пачутага і пабачанага ў кожным элеменце слова і музыкі, якая пранікае нас сваёй прыроднай натуральнасцю і адтыкае затканыя сасуды жыццёвых сокаў чалавецтва.
Яшчэ незадоўга да канцэртнай прэм’еры падляшска-вроцлаўска-менскі трыумвірат мог творча папрацаваць дзякуючы фонду «Трапінка» ў пушчанскай прыгажосці у Свінароях, што таксама ў Нараўчанскай гміне, каб потым пераможна выступіць на сцэне амфітэатра ў Нараўцы ў суправаджэнні пантэона паганскіх багоў нашых продкаў. Двум з іх выпала зусім ненайлепшае месца. Сталі яны проста скульптурамі-ахоўнікамі сцэны, стоячымі на зважай перад публікай, рассеўшайся выгадна на лаўках. Так па-чалавечы шкада мне зрабілася выпаўшай на іх долю ролі. А ў час канцэрта прамільгнула мне нават думка, што музыка і словы плывучыя са сцэны, быццам тая адвечная замова, здымуць раптам з іх застыласць, прысуджанае ім месца і, ажыўленыя ўрэшце, уцякуць у пушчанска-нябесныя прасторы.
Святло месяца — сярпа жнеі, гул касцельных званоў у час вячэрняга набажэнства, ціш шуму немаладзенькіх дрэў, вадзяны шум — шэпт самой ракі, разам стварылі тую адзіную цэласць, якую можна назваць містэрыяй сысаўскага свету, а кампазітарам найцудоўнейшым аказалася сама гармонія ідэй чалавечага духу ў супадзенні і супляценні з духам вечнасці касмаганічнага зеніту і надзіру прадзедаў, паселеных над рэкамі, лясамі і палямі, паміж землямі плямён нашай зямлі, што з крывіцкай, радзіміцкай, дрыгавіцкай прасторы спляліся дзеля беларускай волі і долі. Як каса і краса жаночая, якой славіліся і ганарыліся нашы жанчыны. Бо ж і жанчыны — адзін з жыццёва-паэтычных выклікаў усёй зямной дарогі Анатоля Сыса.
Юрка Асеннік і Ілона Карпюк (фота Кшыштаф Карпінскі)
І таму для мяне асабіста вельмі кранальным і дапаўняльным у гэтай сістэме сысаўскіх сімвалічных слоў-міфаў жаноцкасці было чытанне сысаўскіх вершаў па-польску Ілонай Карпюк — адной з выяў нашай беларускай і мастацкай жаночасці Падляшша, а ў гэты момант і суарганізатара двух фестывальных дзён у Нараўцы. Чытаць вершы такога прарока слова на сваёй пушчанскай Бацькаўшчыне перад роднымі, бацькамі, каханымі, сябрамі, мясцовым народам і гасцямі — гэта той момант у чалавечым жыцці, калі ты выдатна разумееш, што тут і цяпер было, ёсць і будзе жыццё тваё сярод усіх тых людзей, якія ні ў чым горшыя ад іншых. А калі Ілона пасля класных інтэрпрэтацый паэзіі Сыса ў перакладзе згаданага Марка Отвіноўскага, які разам з Юркам Асеннікам на сцэне паказалі сапраўдную гармонію супрацоўніцтва і якасці прапанаванай музыкі, праспявала яшчэ супольна з Юркам, то проста мне дрыжыкі, слёзы і эмоцыі ўсплылі вокамгненна. Калі вяртаюся ў думках да гэтых хвілін, то аж хочацца прасіць усіх выступоўцаў і арганізатараў, каб далі шанц гледачам на Падляшшы, у Польшчы, Еўропе, паглядзець яго як найбольшай колькасці людзей. На жаль, на так бязмежна каханай Анатолем Сысом Беларусі ён сам і ягонае слова не можа зараз існаваць у свабоднай прасторы, а згарэць яму ж прыйшлося для яе і яе вечнага імя…
Дай Божа памаленьку, у здароўі і надзеі, што не пагасне, дачакацца праз год чарговага выпуску фестывалю «Podlasie. Slow Fest» у Нараўцы — месца, дзе слова, музыка, вобраз суцішаюць і выспяваюць думкамі і ідэямі на наступныя дні, месяцы, гады. Тады пакуль, бывайце і да наступных так незабыўных там сустрэч!
Яўген ВАПА, Ніва нумар 31 (3560) ад 4 жніўня 2024 г.